Раніцай 12 сьнежня ратавальнікі ліквідавалі пажар у псыхіятрычным дыспансэры ў Смаргонскім раёне, паведамляе Горадзенскае абласное ўпраўленьне МНС.
Паведамленьне пра пажар у псыхіятрычным дыспансэры ў вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёну паступіла каля 8-й раніцы 12 сьнежня. Паводле папярэдняй інфармацыі, у фае на другім паверсе дыспансэра загарэўся тэлевізар.
Ратавальнікі, калі прыехалі на месца, знайшлі мёртвым 66-гадовага пацыента дыспансэра. Яшчэ адну жанчыну 1939 году нараджэньня вынесьлі з будынку, але празь некалькі гадзін яна памерла ў бальніцы.
На месца пажару прыехаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік і начальніца галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Алена Краткова, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Цяпер пацыентаў пераводзяць у іншыя ўстановы аховы здароўя: 25 чалавек ужо выехалі ў Горадзенскі абласны клінічны цэнтар «Псыхіятрыя-наркалёгія», абласную псыханэўралягічную бальніцу «Астроўля».
У кастрычніку 2003 годзе ў выніку пажару ў Казлоўшчынскім псыханэўралагічным дыспансэры на Горадзеншчыне загінуў 31 чалавек.