Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алькаголь нясе новыя рызыкі ў сярэднім узросьце — навукоўцы


Людзям, якім больш за 35 гадоў, алькаголь можа псаваць здароўе горш, чым маладым. Пра новыя вынікі дасьледаваньняў інфармуе амэрыканская газэта The New York Times.

Нядаўняе дасьледаваньне ў ЗША паказала, што найбольшы рост ужываньня алькаголю ў пэрыяд з 2018 па 2022 год назіраўся сярод людзей ва ўзросьце 40 гадоў. Лекары асабліва занепакоеныя ростам спажываньня алькаголю сярод жанчын сярэдняга веку, бо ў многіх зь іх разьвіваюцца зьвязаныя з алькаголем хваробы печані і сэрца.

Новая тэндэнцыя трывожыць мэдыкаў. Сярэдні ўзрост — гэта час, калі наступствы дзесяцігодзьдзяў ужываньня алькаголю (у тым ліку рак, хваробы сэрца або печані) ужо пачынаюць выяўляцца. І вось цяпер высьвятляецца, што ўжываць алькаголь больш небясьпечна ў сярэднім узросьце, бо арганізм становіцца менш здольны перапрацоўваць алькаголь, а здароўе многіх у гэтым веку ўжо натуральным чынам пагаршаецца.

«Не люблю быць панікёрам, але думаю, што на дадзены момант гэта даволі трывожна», — кажа прафэсар эпідэміялёгіі з Калюмбійскага ўнівэрсытэту Кэтрын Кіз.

Калі вы п’яце цэлую ноч, то гэта значна больш рызыкоўна ў 55 гадоў, чым у 25. На гэта ёсьць некалькі прычынаў. Алькаголь можа пагоршыць праблемы са здароўем, якія распаўсюджаныя ў сярэднім веку, напрыклад, высокі ўзровень цукру ў крыві або высокі ціск. Нават адзін ці два келіхі віна могуць павысіць частату сардэчных скарачэньняў, павялічваючы рызыку сардэчнага прыступу або сардэчнай недастатковасьці. Гэтыя эфэкты асабліва трывожныя для тых, у каго ўжо ёсьць сардэчныя захворваньні. А звычайныя лекі, якія людзі нярэдка прымаюць у сярэднім веку, напрыклад тыя, што разрэджваюць кроў, могуць узаемадзейнічаць нават зь невялікай колькасьцю алькаголю і патэнцыйна выклікаць унутраны крывацёк.

З узростам арганізм перапрацоўвае алькаголь менш эфэктыўна, а талерантнасьць да яго зьмяншаецца. Печань напружваецца больш, каб перапрацаваць нават адну порцыю сьпіртнога. Натуральная страта мышачнай масы, якая пачынаецца ў 30 гадоў, можа зрабіць некаторых людзей больш адчувальнымі да ўзьдзеяньня алькаголю. Гэта азначае, што алькаголь затрымліваецца ў крыві даўжэй і выклікае жаданьне зноў выпіць. А пад яго ўзьдзеяньнем чалавек можа ўпасьці і атрымаць траўмы.

«Калі вы малады, арганізм можа лягчэй ачомацца і хутчэй аднавіцца пасьля ап’яненьня. Але з узростам рабіць гэта ўсё больш складана», — кажа дацэнт Школы грамадзкай аховы здароўя пры Ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса Ёганэс Трал.

Чым даўжэй алькаголь застаецца ў арганізьме чалавека, тым больш цяжкае пахмельле. Раніца пасьля ўжываньня сьпіртнога ў сярэднім веку можа быць асабліва цяжкай, бо алькаголь парушае сон, якасьць якога з узростам таксама мае тэндэнцыю да пагаршэньня.

Пара-тройка кактэйляў можа прымусіць вас

«адчуваць сябе добра на працягу 15 хвілін або троху даўжэй — і адчуваць сябе абсалютна дрэнна ўвесь наступны дзень», — кажа супрацоўнік Канадзкага інстытуту дасьледаваньня псыхаактыўных рэчываў Тымаці Стоквэл.

Ужываньне сьпіртнога ў сярэднім веку можа нанесьці шкоду і вашаму будучаму здароўю: новыя дасьледаваньні паказваюць, што празьмернае ўжываньне алькаголю ў гэтым веку можа павысіць рызыку кагнітыўных парушэньняў у далейшым жыцьці, бо алькаголь здольны пашкоджваць клеткі мозгу. Цяпер мэдыкі сьцьвярджаюць, што ўжываньне сьпіртнога наўпрост уплывае на рызыку ўзьнікненьня раку, і заклікаюць разьмяшчаць папераджальныя надпісы на алькагольных напоях.

Скарачэньне ўжываньня алькаголю можа значна зьнізіць рызыку разьвіцьця або пагаршэньня хранічных хваробаў, зьвязаных з ужываньнем сьпіртнога, кажа доктар Стоквэл, бо зьмяншэньне ўжываньня алькаголю зьніжае артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві, а ў некаторых выпадках дапамагае людзям схуднець. Нават калі вы шмат пілі на працягу многіх гадоў, ваша печань можа прынамсі часткова (або і цалкам) аднавіцца, калі вы кінеце піць.

Адмова ад ужываньня сьпіртнога таксама можа дапамагчы людзям аднавіцца ад такіх станаў, як выкліканая алькаголем кардыяміяпатыя (пашкоджаньне цягліц сэрца).

Усе, хто ўжывае алькаголь і адчувае ад яго пэўную залежнасьць, не павінны забывацца, што надзея на лепшае ёсьць заўсёды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG