Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі сталі разумець, што такое Расея». Як рэдактары расейскамоўнай Вікіпэдыі вырашылі памяняць «Белоруссию» на «Беларусь»


Каляж
Каляж

Адміністратарка Вікіпэдыі расказала Свабодзе, як адбываецца працэс перайменаваньня краіны на плятформе, чаму гэта так доўга і складана і што сёлета паспрыяла рашэньню на карысьць «Беларусі» перад «Белоруссией».

У расейскамоўнай прасторы дагэтуль існуюць дзьве назвы для Беларусі — уласна «Беларусь» і «Белоруссия». Назва «Белоруссия» зьявілася ў часы СССР, «Беларусь» атрымала распаўсюд, калі краіна стала незалежнай.

Беларусы, як правіла, карыстаюцца варыянтам «Беларусь». Гэта афіцыйная назва краіны, яе ўжываюць ня толькі незалежныя мэдыя, але і прапагандысцкія. Лукашэнка таксама называе краіну «Беларусь».

Выкарыстаньне тапоніма «Белоруссия» працягвае існаваць збольшага на расейскай тэрыторыі. Жыхары Расеі і расейскія мэдыя працягваюць выкарыстоўваць савецкую назву. Расейская служба British Broadcasting Corparation (BBC) толькі пасьля пратэстаў 2020 году стала называць краіну не «Белоруссия», а «Беларусь».

Артыкул пра Беларусь на расейскамоўнай Вікіпэдыі дагэтуль называецца «Белоруссия». Ужо ўнутры артыкула на другім месцы згадваецца іншая назва, Беларусь. Цяпер тэрмін могуць памяняць. Аднак, як стала вядома Свабодзе, канчатковага рашэньня яшчэ не прынялі.

Ініцыявалі беларусы, перамагалі расейцы

Адміністратарка расейскамоўнай Вікіпэдыі Вікторыя Дароніна расказала Свабодзе, як адбываецца працэс перайменаваньня, чаму гэта так доўга і складана і што паспрыяла рашэньню на карысьць «Беларусі».

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

Перайменаваць артыкул на Вікіпэдыі намагаліся раней. Спробы рабілі ў 2006, 2009 і 2011 гадах. Аднак назва дагэтуль савецкая. Вікторыя Дароніна патлумачыла, што супольнасьць расейскамоўнай Вікіпэдыі складаюць выхадцы з краінаў былога СССР. Рэдагаваць артыкулы там можа любы чалавек, які валодае расейскай мовай.

Звычайна перайменаваньне «Белоруссия» на «Беларусь» на плятформе ініцыявалі беларусы, кажа адміністратарка. Аднак пасьля гэтага ў артыкул прыходзілі іншыя карыстальнікі і пачыналі спрачацца. Фактычна дыскусія ішла паміж беларусамі і расейцамі. Да 2024 году перамагаў прарасейскі наратыў.

«Ёсьць перакос, бо большасьць удзельнікаў складаюць людзі з Расеі з усімі наступствамі гэтага, а менавіта імпэрскасьцю. Вера ў тое, што ёсьць толькі адзін варыянт расейскай мовы, які быў вызначаны яшчэ ў Савецкім Саюзе... «Я расеец. Па-расейску назва павінна пісацца „Белоруссия“, бо мяне так вучылі ў савецкай школе. Усё астатняе — гэта вычварэнства», — пераказвае Вікторыя аргумэнты прыхільнікаў «Белоруссии».

У абмеркаваньні зьменаў на Вікіпэдыі ўдзельнічалі як звычайныя карыстальнікі, так і адміністратары. Апошніх выбіраюць, яны маюць больш правоў. Могуць, прыкладам, выдаляць артыкулы, кажа суразмоўца.

«У абмеркаваньні адміністратар ня мае большай вагі, чым звычайны ўдзельнік. Але выснова, якую робіць пад абмеркаваньнем адміністратар, цэніцца вышэй. Аднак і яе можна аспрэчыць. Калі я пайду сама і пераймяную „Белоруссию“ у „Беларусь“, адразу ж знойдуцца людзі, якія гэта аспрэчаць, і адміністратар, які павядзе выснову ў другі бок», — расказвае Вікторыя.

Толькі адзін беларус

Акрамя ўдзельнікаў і адміністратараў у Вікіпэдыі ёсьць Арбітражны камітэт. Гэта орган, які нагадвае Канстутыцыйны суд, тлумачыць Дароніна. Ён прымае фундамэнтальныя рашэньні. Людзей туды выбіраюць раз на паўгода. У яго ўваходзяць пяць асноўных сяброў і двое запасных.

Аднак звычайна гэты орган не прымае рашэньняў наконт канкрэтных артыкулаў. Таму, калі чарговы раз у лютым 2023 году на Вікіпэдыі паднялі пытаньне пра перайменаваньне «Белоруссии», Арбітражны суд склікаў працоўную групу. Туды маглі падаць заяўкі ўсе ахвотныя. Аднак непажаданыя тыя, хто зацікаўлены ў тэме і мае канфлікт інтарэсаў, адзначае суразмоўца.

«Паколькі я зь Беларусі, то лічу, што ў мяне ёсьць канфлікт інтарэсаў. Усе гэтыя гады я сьвядома трымалася далей ад гэтых дыскусій. На гэтым можна страціць шмат рэпутацыі і нічога не дабіцца», — камэнтуе адміністрарка Вікіпэдыі.

У выніку ў склад працоўнай групы ўвайшлі чатыры чалавекі. Зь іх трое пазначылі, што не зьвязаныя зь Беларусьсю, але што маюць досьвед у працы Вікіпэдыі. Толькі адзін адзначыў, што паходзіць зь Беларусі, але там не жыве. На ягоную карысьць сыграла тое, што раней ён не выказваўся публічна на тэму назвы краіны.

Два гады абмеркаваньняў

Праца над магчымым перайменаваньнем краіны падчас апошняга этапу ішла каля двух гадоў. Працоўная група аналізавала, колькі разоў згадваюцца адзін і другі варыянт назвы ў інтэрнэце, у кнігах і навуковых працах. Замеры рабілі цягам некалькіх дзён улетку 2024 году.

У выніку аказалася, што ў расейскіх мэдыя часьцей сустракаецца «Белоруссия», у іншых мэдыя — «Беларусь», у навуковых артыкулах пераважае «Беларусь», у літаратуры — парытэт. У выніку група парэкамэндавала перайменаваць артыкул на Вікіпэдыі ў «Беларусь». Рашэньне пакуль не набыло моцы. Яго яшчэ два тыдні будуць абмяркоўваць на форуме Вікіпэдыі. Потым Арбітражны камітэт вынесе канчатковае рашэньне.

«Я чакаю, што ў першыя некалькі хвілін пасьля падпісаньня рашэньня артыкул пра „Белоруссию“ пераймянуюць», — кажа суразмоўца.

Калі прымуць рашэньне пра замену назвы краіны, новы варыянт перапішуць ва ўсіх зьвязаных з асноўным артыкулах. Іх, на думку адміністратаркі Вікіпэдыі, тысячы.

Памяняць паўсюль «Белоруссию» можна будзе з дапамогай ботаў. Усяго ж у расейскамоўнай Вікіпэдыі два мільёны артыкулаў. Зьяўляюцца таксама праблемныя пытаньні, датычныя гісторыі. Прыкладам, ці перайменаваць артыкул пра «Холокост в Белоруссии», бо падчас Галакосту гаворкі пра «Беларусь» яшчэ не было, разважае Вікторыя.

«Людзі сталі разумець, што такое Расея»

Раней, у 2012 годзе, высновы дасьледчыкаў былі іншымі, расказвае Дароніна.

«Паміж «Белоруссией» і «Беларусью» склаўся хісткі парытэт, як у пляне частаты, так і ў выкарыстаньні ў найбольш аўтарытэтных крыніцах. Гэты стан можна назваць наяўнасьцю двайной нормы... Калі неабходна выбраць паміж двух раўнапраўных у пляне частаты варыянтаў, мы зыходзілі з таго, што моўная норма кансэрватыўная і імкнецца да больш традыцыйных варыянтаў. Апошняй безумоўна замацаванай нормай была назва «Белоруссия», — пісала працоўная група ў 2012 годзе.

Вікторыя мяркуе, што сёлета вынік атрымаўся на карысьць Беларусі — праз поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне.

«Бо людзі сталі разумець, што такое Расея, як яна дзейнічае. Пра імпэрскасьць Расеі і Савецкага Саюзу загаварылі толькі з пачаткам вайны так сур’ёзна», — кажа суразмоўца.

Вікторыя ня думае, што перайменаваньне «Белорусии» можа выклікаць перайменаваньне іншых краінаў, напрыклад «Молдавии».

«Вікіпэдыя — гэта такая хаатычная сыстэма, таму перайменаваньне Беларусі аўтаматычна ня выкліча іншых перайменаваньняў», — мяркуе яна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG