Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары на руінах незалежнасьці. Чаму Лукашэнку даводзіцца зайздросьціць Аліеву


Аляксандар Лукашэнка, Ільхам Аліеў, Гейдар Аліеў. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Ільхам Аліеў, Гейдар Аліеў. Каляж

На трыццаць першым годзе пры ўладзе, рыхтуючыся да сёмага прэзыдэнцкага тэрміну, Лукашэнка абяцае, што ў наступнай пяцігодцы «зробіць усё, каб краіна назаўжды забыла праблему захаваньня сваёй дзяржаўнасьці».

Але хто вінаваты ў тым, што беларускі сувэрэнітэт сёньня, праз 33 гады пасьля распаду СССР, усё яшчэ ставіцца пад сумнеў?

Сьцісла:

  • Атрымаўшы тры дзесяцігодзьдзі таму ў сваё поўнае распараджэньне маладую дзяржаву, адкрытую сьвету, да якой па-сяброўску ставіліся ўсе блізкія і далёкія суседзі, Лукашэнка ператварыў яе фактычна ў расейскі пратэктарат, аточаны ворагамі і нядобразычліўцамі.
  • Сёньняшні аўтарытарны, але незалежны і эканамічна пасьпяховы Азэрбайджан — гэта ня толькі гісторыя посьпеху дынастыі Аліевых. Для Лукашэнкі гэта гісторыя ягонага асабістага палітычнага фіяска, прыклад таго, як, нават вышэй за ўсё ставячы асабістую аўтарытарную ўладу, можна было выбудоўваць адносіны з Масквой, каб ня ставіць пад удар незалежнасьць краіны.
  • Амаль усе постсавецкія краіны, спрабуючы абараніць сваю дзяржаўнасьць, знаходзяць выйсьце ў разумным геапалітычным балянсаваньні, дыстанцыяваньні ад непрадказальнай і агрэсіўнай Масквы. Ніводная зь не ахопленых вайной постсавецкіх краін не дайшла да такога стану, каб чужыя войскі паводзілі сябе на іх тэрыторыі, як у сябе дома. Адзінае выключэньне — лукашэнкаўская Беларусь.
  • Мудрасьць постсавецкіх палітыкаў 90-х заключалася ў тым, каб разумець, што распад Расейскай (савецкай) імпэрыі ў 1991-м не завяршыўся. І што працэс гэты можа працягвацца многія дзесяцігодзьдзі, ствараючы новыя рызыкі і небясьпекі, якія зыходзяць ад былой мэтраполіі.

Выбары, да якіх сёньня рыхтуецца Беларусь, гэта ў пэўным сэнсе выбары на руінах дзяржаўнай незалежнасьці. Эпізод 2022 году, пераказаны днямі прэзыдэнтам Зяленскім амэрыканскаму журналісту Лексу Фрыдману пра тое, як Лукашэнка ў першыя дні расейскага ўварваньня апраўдваўся тым, што ня можа кантраляваць дзеяньні расейскіх войскаў на сваёй тэрыторыі — гэта, магчыма, самы красамоўны вынік лукашэнкаўскага больш як 30-гадовага кіраваньня. Атрымаўшы тры дзесяцігодзьдзі таму ў сваё поўнае распараджэньне маладую дзяржаву, адкрытую сьвету, зь вялікім патэнцыялам, да якой па-сяброўску ставіліся ўсе блізкія і далёкія суседзі, ён ператварыў яе за гэты час фактычна ў расейскі пратэктарат, аточаны ворагамі і нядобразычліўцамі, у якім пуцінскія генэралы ня лічаць патрэбным пытацца згоды і нават інфармаваць яго, фармальнага прэзыдэнта, пра тое, на каго нападаюць зь ягонай жа тэрыторыі.

«Ён казаў, што „гэта не я, з маёй тэрыторыі пускаў ракеты Пуцін“. Гэта ягоныя словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён прасіў прабачэньня, ён казаў: „Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму казаў, ня трэба; гэта было безь мяне“,— так пераказваў Зяленскі сваю размову з Лукашэнкам.

«Лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Ўкраіне. Нам трэба вытрываць гэта. Ні ў якім разе нельга шарахацца»,— адказаў пакрыўджаны і раззлаваны на Зяленскага Лукашэнка.

«Баку патрабуе ад Масквы...»

А ў гэты ж час на іншай былой ускраіне СССР адбываецца жорсткае высьвятленьне адносін паміж Баку і Масквой — пасьля катастрофы азэрбайджанскага самалёта кампаніі Azerbaijan Airlines, які разьбіўся, як мяркуецца, пасьля абстрэлу расейскімі ракетамі ў небе над Грозным.

Раней такое немагчыма было ўявіць: кіраўнік постсавецкай краіны, якую Масква лічыць зонай свайго непадзельнага ўплыву, з мэталам у голасе патрабуе ад Масквы прабачэньняў, прызнаньня віны, кампэнсацый і пакараньня вінаватых. На працягу апошніх дзесяці дзён прэзыдэнт Ільхам Аліеў прынамсі чатыры разы публічна выказваў у адрас Масквы прэтэнзіі, з кожным разам усё больш рэзкія і катэгарычныя. Апошні раз — 6 студзеня, сустракаючыся са сваякамі ахвяраў авіякатастрофы: «Спробы дзяржаўных структур Расеі замяць гэты інцыдэнт і настойваць на абсурдных вэрсіях выклікаюць у нас і зьдзіўленьне, і шкадаваньне, і справядлівае абурэньне... І мы патрабуем справядлівасьці, мы патрабуем пакараньня вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасьці і чалавечых паводзінаў».

Расейскія чыноўнікі спачатку ўвогуле не прызнавалі, што прычынай катастрофы маглі стаць дзеяньні вайскоўцаў РФ. Потым Пуцін нібыта прынёс прабачэньні, але толькі за тое, што «трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі» (не прызнаўшы адкрыта віну РФ). Для Пуціна, зь якога мала каму ўвогуле ўдаецца выціснуць падобныя словы, гэта і так было даволі нечакана і нехарактэрна. А Аліеў тым часам не зьмяншае ціску і напору, што выглядае даволі адважным крокам, які сьведчыць пра тое, што Баку адчувае сваю поўную незалежнасьць ад Масквы і гатоўнасьць прадэманстраваць гэта сьвету.

«Гэта ня я, гэта ўсё Пуцін!»

На гэтым тле асабліва відавочна, у якім залежным, прыгнечаным, падпарадкаваным стане апынулася сёньняшняя лукашэнкаўская Беларусь. Паспрабуйце ўспомніць, калі Лукашэнка апошні раз наважваўся пярэчыць Пуціну ці не пагаджаўся зь якімі-небудзь пуцінскімі крокамі. Пасьля 2020 году такіх выпадкаў прыгадаць немагчыма. Як немагчыма ўявіць, каб нешта падобнае было прадэманстравана ім у 2022 годзе, калі сапраўды была вострая неабходнасьць у тым, каб абараняць сувэрэнітэт краіны, адкрыта і адважна сказаць прынцыповае «Не!» тым, хто з гэтым сувэрэнітэтам ня лічыцца. Але замест прамых і ясных патрабаваньняў да Масквы пра вывад войскаў пасьля вучэньняў, як цяпер высьвятляецца, было пакорлівае маўчаньне і паслухмянае падпарадкаваньне, а таксама паўсакрэтныя няўцямныя апраўданьні і прабачэньні ў асабістай размове зь Зяленскім: «Гэта ня я, гэта ўсё Пуцін».

Можна меркаваць, што для такой самалюбівай і славалюбівай асобы, як Лукашэнка, тое вымушанае самапрыніжэньне далося няпроста. А цяперашняя фронда Аліева ў дачыненьні да Масквы — гэта наглядны ўрок для яго, якой магла б быць альтэрнатыва, калі б ён ад пачатку свайго прэзыдэнцтва не зрабіў такі фатальны выбар у замежнай палітыцы.

Пераможная стратэгія Аліева

Сёньняшні аўтарытарны, але незалежны і эканамічна пасьпяховы Азэрбайджан — гэта ня толькі гісторыя посьпеху дынастыі Аліевых. Для Лукашэнкі гэта — гісторыя ягонага асабістага палітычнага фіяска. Прыклад Азэрбайджану асабліва адметны, бо палітычны рэжым у Баку вельмі блізкі Лукашэнку, роднасны яму: тая ж аўтакратыя, незьмяняльнасьць улады, палітычныя рэпрэсіі, адсутнасьць дэмакратычных свабод. І гістарычна шляхі дзьвюх савецкіх рэспублік большую частку ХХ стагодзьдзя былі падобныя.

У сярэдзіне 90-х гадоў, у першыя гады незалежнасьці, стартавыя магчымасьці тагачаснага Азэрбайджану былі непараўнальна горшыя, чым у Беларусі. Фактычная страта Нагорнага Карабаху ва ўзброеным супрацьстаяньні з Армэніяй, пастаяннае балянсаваньне на мяжы грамадзянскай вайны ўнутры краіны, эканамічны заняпад...

Юры Андропаў і Гейдар Аліеў. Масква, 1983
Юры Андропаў і Гейдар Аліеў. Масква, 1983

Гейдар Аліеў — мастадонт савецкай палітыкі, колішні шматгадовы паплечнік Брэжнева, лідэр Азэрбайджанскай ССР — вярнуўся да ўлады ў Баку прыблізна тады ж, калі да ўлады ў Менску прыйшоў Лукашэнка. На пачатку таксама выказваўся за збліжэньне з Масквой, абяцаў «выправіць памылкі, дапушчаныя ранейшым кіраўніцтвам рэспублікі ва ўзаемадачыненьнях з Расеяй», вельмі хутка далучыў краіну да СНД... Але замежную палітыку выбудоўваў куды больш хітра, разнастайна і шматвэктарна. На словах асуджаючы свайго папярэдніка, «нацыяналіста» Абульфаза Эльчыбея, за арыентацыю на Турэччыну і Захад, Аліеў спакваля сам разварочваў азэрбайджанскі карабель менавіта ў той бок, да этнічна блізкай і эканамічна даволі моцнай Турэччыны.

Першы прэзыдэнт незалежнага Азэрбайджану Абульфаз Эльчыбэй, 1992
Першы прэзыдэнт незалежнага Азэрбайджану Абульфаз Эльчыбэй, 1992

Анкара заўсёды мела сантымэнт да Азэрбайджану: падобныя культура, рэлігія, мова (азэрбайджанская мова адрозьніваецца ад турэцкай прыблізна гэтак жа, як беларуская ад польскай). У савецкі пэрыяд гэтаму ўзаемнаму прыцягненьню істотна замінала прыналежнасьць Турэччыны да блёку NATO. Пасьля распаду СССР гэтая перашкода фактычна прапала. Праўда, існавала рызыка раззлаваць Расею, якая зусім не зьбіралася страчваць свае пазыцыі на паўднёвым Каўказе. Але якраз у тым і праявіўся палітычны талент мудрага Гейдара Аліева. З аднаго боку, ён паслухмяна езьдзіў на ўсе саміты СНД, падпісваў інтэграцыйныя дамовы з Ельцыным і Пуціным, гаварыў пра «непарушную дружбу з Расеяй»; з другога — адначасова з гэтым ствараўся і ўсё больш умацоўваўся ваенна-палітычны саюз з Анкарой, будаваліся нафта- і газаправоды з Азэрбайджану праз турэцкую тэрыторыю ў Эўропу (Баку — Тбілісі — Джэйхан, Баку — Тбілісі — Эрзурум). Гейдар Аліеў, а ўсьлед за ім ягоны сын Ільхам, якому ён перадаў уладу ў спадчыну, мэтанакіравана і пасьлядоўна стваралі ў палітыцы і эканоміцы альтэрнатыву, супрацьвагу Расеі і Маскве. І ўрэшце стварылі.

Ільхам Аліеў і Рэджэп Эрдаган, 2010
Ільхам Аліеў і Рэджэп Эрдаган, 2010

Дзякуючы турэцкай зброі і фактычнаму вайсковаму саюзу з Анкарой Азэрбайджан на пачатку 2020-х гадоў цалкам выціснуў армян з Нагорнага Карабаху, зьліквідаваўшы самаабвешчаную сэпаратысцкую рэспубліку. І гэта стала вялізнай паразай ня толькі для Армэніі, але і для ўсёй АДКБ пад кіраўніцтвам Масквы, якая, занятая вайной ва Ўкраіне, вымушаная была моўчкі праглынуць паразу.

У эканамічных адносінах залежнасьць ад Расеі таксама засталася ў далёкім мінулым. У апошнія гады асноўны гандлёвы партнэр Азэрбайджану (каля 30% экспарту) — Італія, куды Баку з дапамогай Турэччыны прадае нафтапрадукты. На другім месцы — Турэччына, і толькі на трэцім — Расея (6-8% ад усяго таваразвароту). На словах прамаўляючы прарасейскія лёзунгі, аўтарытарны азэрбайджанскі рэжым за тры дзесяцігодзьдзі выбудаваў збалянсаваную сыстэму ўзаемаадносін, у якой адчувае сябе цалкам незалежным ад колішняй мэтраполіі. І дазваляе сабе цяпер размаўляць з Масквой не як васал, а як раўнапраўны партнэр, з пачуцьцём самапавагі.

Два пахаваньні

Азэрбайджану, як і многім іншым постсавецкім рэспублікам, у пэўным сэнсе пашанцавала, што ў першыя самыя складаныя гады незалежнасьці знайшліся маштабныя фігуры з шэрагу былой кампартыйнай намэнклятуры высокага ўзроўню, якія зь іхным аўтарытэтам і досьведам дапамаглі стабілізаваць няўстойлівыя канструкцыі новых дзяржаў. Як Краўчук ва Ўкраіне, Шэварднадзэ ў Грузіі, Бразаўскас у Літве... У Беларусі такую ролю, відавочна, маглі б выканаць Машэраў ці Кісялёў (калі б дажылі да 90-х). Лукашэнка, як вядома, прыйшоў у вялікую палітыку са шклоўскага саўгаса, а не з Палітбюро ЦК КПСС. Без шырокага палітычнага далягляду, без аўтарытэту сярод буйных постсавецкіх палітыкаў той эпохі. Прагі ўлады ў яго было ўдосталь. Як і жорсткасьці, непрымірымасьці да палітычных апанэнтаў, цьвёрдасьці ў крытычных сытуацыях, палітычнай волі. А вось палітычнага досьведу не было практычна ніякага. Як і многіх чалавечых якасьцяў, безь якіх рэдка становяцца дзяржаўнымі дзеячамі высокага ўзроўню, напрыклад велікадушнасьці, шчодрасьці, паблажлівасьці да пераможаных ворагаў, уменьня ўзьнімацца над уласнымі крыўдамі і комплексамі. І ці здабыў ён іх за 31 год прэзыдэнцтва?

Адно красамоўнае параўнаньне. Да вяртаньня ў 1993 годзе да ўлады Гейдара Аліева постсавецкі Азэрбайджан непрацяглы пэрыяд (каля аднаго году) узначальваў Абульфаз Эльчыбей. Гэта быў гэткі азэрбайджанскі Пазьняк — лідэр мясцовага Народнага фронту, прыхільнік панцюркізму і аднабаковай арыентацыі на Захад, апантаны змагар з расейскім імпэрыялізмам. Доўга пратрымацца пры ўладзе на тле няўдалай вайны ў Карабаху і вострага эканамічнага крызісу яму не ўдалося. На рэфэрэндуме ўлетку 1993 году за яго адстаўку прагаласавалі больш як 97 працэнтаў азэрбайджанцаў.

Гейдар Аліеў падчас візыту ў ЗША. 2000
Гейдар Аліеў падчас візыту ў ЗША. 2000

Азэрбайджан пасьля гэтага ўзначаліў Гейдар Аліеў. Эльчыбей спрабаваў вярнуцца да ўлады, але безвынікова. Палітычнае супрацьстаяньне адзін час дайшло нават да выкрыцьця змоў і крымінальнай справы супраць Эльчыбея, які ўрэшце вымушаны быў выехаць у Турэччыну. Цікавы і адметны фінал гэтай гісторыі.

У 2000 годзе Эльчыбей цяжка захварэў (на анкалёгію). У Азэрбайджане былі нямала зьдзіўленыя, калі даведаліся, што Аліеў даручыў амбасадару ў Турэччыне аказаць свайму колішняму ворагу ўсю магчымую дапамогу ў лячэньні. У адным з інтэрвію таго часу Гейдар Аліеў тлумачыў:

«Так, я праяўляў клопат пра яго, вёў тэлефонныя перамовы з кіраўніцтвам Турэччыны, садзейнічаў яго пераводу ў лепшую клініку. Па-першае, таму, што я прэзыдэнт Азэрбайджану. І паводле Канстытуцыі ўзяў на сябе абавязак абараняць сваіх грамадзян, хто б яны ні былі і як бы да мяне ні ставіліся. Па-другое, чалавек павінен быць прынцыповым: рэзкім там, дзе трэба, а там, дзе гора, хвароба, дзе сьмерць, нельга ўспамінаць, што ён арганізоўваў супраць мяне тэрор, быў у апазыцыі да мяне, заяўляў, што Аліеў мусіць сысьці. Усё гэта засталося ў гісторыі. Чалавек сканаў. А па-трэцяе, як бы там ні было, ён быў прэзыдэнтам Азэрбайджану. Няхай і адзін год. Як ён кіраваў, што там адбылося, гэта ўжо іншае пытаньне. Недапушчальна не праяўляць павагі да былога прэзыдэнта».

Абульфаз Эльчыбей і Гейдар Аліеў
Абульфаз Эльчыбей і Гейдар Аліеў

Калі Эльчыбей памёр, па распараджэньні Аліева была створаная дзяржаўная камісія для арганізацыі пахаваньня. Цела былога прэзыдэнта даставілі ў Баку. Хавалі зь дзяржаўнымі ўшанаваньнямі, на Алеі ганаровых пахаваньняў, са шматтысячным мітынгам. Аліеў асабіста прыехаў на разьвітаньне і правёў ля труны 11 хвілін. Сёньня на магіле Эльчыбея — вялікі помнік з бронзавай скульптурай у поўны рост.

Магіла Абульфаза Эльчыбэя ў Баку
Магіла Абульфаза Эльчыбэя ў Баку

...У сувязі з гэтым міжволі ўспамінаецца лёс першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча — асобы, якая зрабіла надзвычай шмат дзеля таго, каб Беларусь стала сувэрэннай дзяржавай. Усе ведаюць, якой зьневажальна мізэрнай была ягоная пэнсія на працягу многіх гадоў пасьля адстаўкі. А калі ён памёр, было поўнае ігнараваньне з боку дзяржавы. Не знайшлося месца на Ўсходніх могілках. Ніякіх афіцыйных спачуваньняў з боку дзяржаўных органаў ці Акадэміі навук, дзе ён шмат гадоў працаваў. Ня кажучы ўжо пра дзяржаўную дапамогу ў арганізацыі пахаваньня ці ўшанаваньне памяці на дзяржаўным узроўні.

Магіла Станіслава Шушкевіча на Паўночных могілках у Менску
Магіла Станіслава Шушкевіча на Паўночных могілках у Менску

Дзьве гэтыя гісторыі надзвычай красамоўна сьведчаць пра маштаб асобаў двух палітыкаў, рознасьць іхных палітычных калібраў, а ўрэшце — зьяўляюцца індыкатарам таго, якое месца адвядуць ім самім нашчадкі ў нацыянальнай гісторыі дзьвюх краін. Размова, зразумела, не пра Эльчыбея і Шушкевіча, а пра Аліева і Лукашэнку. У выпадку з Аліевым-старэйшым гэта відавочна ўжо цяпер. У выпадку з Лукашэнкам, каб убачыць, як гэта будзе, давядзецца крыху пачакаць.

Беларуская анамалія

Мудрасьць палітыкаў 90-х палягала ў тым, каб разумець, што распад Расейскай (савецкай) імпэрыі ў 1991-м зусім не завяршыўся. І што працэс гэты можа працягвацца многія дзесяцігодзьдзі. У імпэрый у працэсе іх распаду зьяўленьне фантомных боляў і спробы рэваншу — звычайная зьява. Адсюль — напружаныя адносіны амаль з усімі колішнімі ўскраінамі. У былой мэтраполіі глядзяць на новыя незалежныя дзяржавы звысоку, як на гістарычнае і геапалітычнае непаразуменьне, як на свае адвечныя землі, якія можна і трэба вярнуць.

Тыя з постсавецкіх рэспублік, хто ўсьвядомілі і зразумелі гэта хутчэй і лепш за іншых, сёньня пад парасонам Эўразьвязу і NATO (Эстонія, Латвія, Літва).

Краіны Цэнтральнай Азіі намацваюць геапалітычны балянс, усё больш збліжаючыся з суседнім Кітаем — эканамічна магутным, зь вялікімі геапалітычнымі амбіцыямі. Маленькая Малдова хіліцца да этнічна і гістарычна блізкай Румыніі. Грузія і Армэнія зь пераменным посьпехам збліжаюцца з Эўразьвязам. Азэрбайджан знайшоў раўнавагу ў цеснай эканамічнай і вайсковай інтэграцыі з Турэччынай. Усе так ці інакш знаходзяць выйсьце ў разумным балянсаваньні, дыстанцыяваньні ад непрадказальнай і агрэсіўнай Масквы. Ніводная зь не ахопленых вайной постсавецкіх краін не дайшла да такога стану, каб чужыя войскі паводзілі сябе на іх тэрыторыі, як у сябе дома. Адзінае выключэньне — лукашэнкаўская Беларусь.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2024
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2024

Ня трэба быць вялікім знаўцам гісторыі і паліталёгіі, каб зразумець, што тую ролю, якую пасьля распаду СССР для Азэрбайджану выканала Турэччына, для Беларусі магла б пры пэўных абставінах выконваць Польшча — этнічна, гістарычна і культурна блізкая, са значным эканамічным і вайсковым патэнцыялам. Размова магла ісьці зусім не пра пераарыентацыю Менску на Захад, а пра разумны балянс, геапалітычную раўнавагу, шматвэктарнасьць, пра якую ў Лукашэнкі ў мінулыя часы было шмат размоў, але вэктар чамусьці рос толькі ў адным кірунку, маскоўскім. Нібыта адбывалася ўсё гэта з прычыны непераадольнай паталягічнай любові да асабістай улады. Але і рэжым асабістай аўтарытарнай і незьмяняльнай улады можна было выбудаваць зусім па-іншаму — так, каб заставацца гаспадаром ва ўласнай краіне. Назіраючы за сёньняшнім Азэрбайджанам, Лукашэнка ня можа гэтага ня бачыць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG