Грэнляндыя імкнецца да незалежнасьці і ня хоча быць амэрыканскай ці дацкай, заявіў прэмʼер-міністар вострава Мютэ Эгедэ на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэмʼер-міністрам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн, піша Financial Times.
«Мы хочам быць грэнляндцамі», — падкрэсьліў Мютэ Эгедэ, камэнтуючы заявы Дональда Трампа аб магчымым устанаўленьні кантролю над Грэнляндыяй.
Эгедэ таксама заявіў, што востраў адкрыты для супрацоўніцтва з ЗША, але яго лёс будуць вырашаць мясцовыя жыхары.
Прэмʼер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн назвала імкненьне Грэнляндыі да незалежнасьці легітымным і зразумелым, але ацаніла цікавасьць ЗША як станоўчую. Пры гэтым прэмʼер падкрэсьліла, што хацела б захаваць Грэнляндыю ў складзе каралеўства.
Фрэдэрыксэн падкрэсьліла, што Грэнляндыя не прадаецца, але Данія гатовая да супрацоўніцтва з ЗША ў распрацоўцы рэсурсаў. Яна таксама прызнала недастатковыя інвэстыцыі ў абарону вострава.
Спробы Кітаю інвэставаць у інфраструктуру Грэнляндыі былі заблякаваныя ЗША і Даніяй.
Грэнляндыя, валодаючы аўтаноміяй ва ўсіх пытаньнях, акрамя зьнешняй палітыкі і бясьпекі, даўно хоча незалежнасьці, але сутыкаецца з эканамічнымі цяжкасьцямі. Востраў гуляе ключавую ролю ў Арктыцы дзякуючы рэсурсам, вайсковай базе ЗША і марскім шляхам, адзначае Financial Times.
Форум