Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заявіла пра зьбіцьцё 85 дронаў над сваімі рэгіёнамі, Украіна — пра 47. Ёсьць ахвяра, параненыя і разбурэньні


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Украіна і Расея паведамляюць пра разбурэньні і пацярпелых у выніку маштабных атак дронаў на свае тэрыторыі ў ноч на 11 студзеня.

З 20-ай гадзіны 10 студзеня расейцы атакавалі Ўкраіну з выкарыстаньнем 74 ударных дронаў «Шахед» і іншых тыпаў, паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны. Па стане на 9-ю гадзіну раніцы 11 студзеня пацьверджана зьбіцьцё 47 расейскіх дронаў у Палтаве, Сумах, Харкаве, Чаркасах, Чарнігаве, Кіеве, Днепрапятроўску, Запарожжы, Кіраваградзе, Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях. Яшчэ 27 дронаў былі лякацыйна страчаныя.

У выніку падзеньня зьбітых расейскіх бесьпілётнікаў у сямі абласьцях Украіны пашкоджаныя гаспадарчыя пабудовы, установы, прыватныя дамы і транспартныя сродкі. Ёсьць пацярпелыя, ім надаюць дапамогу, гаворыцца ў паведамленьні.

Раніцай 11 студзеня ў Запароскай вобласьці ад расейскага дрона загінула мясцовая жыхарка, паведаміў кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі Іван Фёдараў. Паводле яго, бесьпілётнік патрапіў у аўтамабіль, у якім ехалі пяць чалавек. 47-гадовая жанчына ад атрыманых траўмаў загінула на месцы, яшчэ чатырох даставілі ў лякарню. Адзін зь параненых знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

У Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны ў выніку атакі дронаў пашкоджаныя электрасеткі, расказаў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Андрэй Райковіч. Таксама пашкоджаныя вокны і дахі у некалькіх прыватных дамах, пацярпелых у выніку атакі няма.

Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што за ноч зьбілі 85 украінскіх бесьпілётнікаў: па 16 — над Варонескай вобласьцю і Краснадарскім краем, чатыры — над Белгарадзкай вобласьцю, два — над Тамбоўскай вобласьцю і па адным — над Курскай вобласьцю і анэксаваным Крымам. Яшчэ 45 зьбілі над Чорным і Азоўскім морамі.

У горадзе Котаўск Тамбоўскай вобласьці Расеі бесьпілётнікі ўрэзаліся ў два шматкватэрныя дамы. Паводле кіраўніка рэгіёну Яўгена Пярвышава, трое чалавек пацярпелі ад аскепкаў шкла (атрымалі парэзы), яшчэ чацьвёра паскардзіліся на падвышаны ціск. Узгараньняў няма, у будынкаў нязначныя пашкоджаньні. Мясцовыя жыхары паведамілі, што паветраную трывогу ў горадзе не аб’яўлялі.

Таксама пра атакі дронаў пісалі з анэксаванага Крыму, Краснадарскага краю, Курскай, і Варонескай абласьцей — там былі чутныя выбухі. Відавочцы паведамляюць пра пажар у раёне порта ў Наварасійску, у Анапе зь перапынкамі гучала сірэна. Крымскі мост быў зачынены больш за тры гадзіны.

Над Варонескай вобласьцю ўначы зьбілі больш за 15 дронаў, паведаміў губэрнатар рэгіёну Аляксандар Гусеў. Паводле яго, пацярпелых і разбурэньняў няма. Пра некалькі зьнішчаных бесьпілётнікаў напісаў і губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў — паводле яго, пацярпелых няма, пашкоджаныя тры прыватныя дамы. Кіраўнікі астатніх атакаваных рэгіёнаў пакуль нічога не паведамлялі.

Раніцай 11 студзеня на некаторы час прыпынялі працу аэрапортаў Казані, Ніжнякамска і Ульянаўска. Лайнеры, якія ляцелі ў Казань, пайшлі на пасадку на запасны аэрадром ва Ўфе.

Генштаб УСУ пра атаку дронаў на расейскія рэгіёны не паведамляў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG