Акруговы суд Варшавы на запыт раённай пракуратуры Ўроцлава выдаў другі эўрапейскі ордэр на арышт былога польскага судзьдзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь, паведаміла 10 студзеня польская пракуратура.
Шміт зьяўляецца падазраваным ў так званай справе «хейтэрскай афэры». Яго падазраюць у «зьдзяйсьненьні злачынстваў у складзе арганізаванай злачыннай групы, чальцы якой дзейнічалі на шкоду судзьдзям агульных судоў». Шміту ставяць у віну «дзеяньні, якія ўключаюць недапушчальную апрацоўку пэрсанальных зьвестак пацярпелых шляхам іх раскрыцьця і перадачы трэцім асобам», заяўляе пракуратура.
Гэты ордэр стаў другім: у чэрвені 2024 году польскія ўлады ўжо аб’явілі Шмыта ў вышук па абвінавачаньні ў шпіянажы.
Ордэр мае моц толькі на тэрыторыі дзяржаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, гэта значыць ня будзе мець рэальнай сілы, пакуль перабежчык не перасячэ мяжу адной з краін ЭЗ.
- Пра тое, што цяпер ужо былы судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Томаш Шмыт уцёк у Беларусь, стала вядома 6 траўня 2024 году з паведамленьня тэлеграм-канала, створанага за тры дні да таго ад ягонага імя на польскай і расейскай мовах. У ім сьцьвярджалася, што мужчына вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю».
- Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спэцслужбы Беларусі даўно працавалі з судзьдзём Шмытам, які ўцёк, ягоныя адносіны зь беларусамі «маюць даўнюю гісторыю», гэта ня справа «апошніх месяцаў».
- 9 траўня Шмыта звольнілі з пасады судзьдзі на падставе ягонае заявы. Нацыянальная пракуратура Польшчы пачала расьсьледаваньне. У Варшаве Шмыту выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы.
- 10 чэрвеня акруговы суд Варшавы выдаў ордэр на арышт Шмыта.
- 10 кастрычніка стала вядома, што мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт Шмыта.
- Цяпер Томаш Шмыт вядзе гутаркі на youtube-канале дзяржаўнага беларускага агенцтва БелТА. Таксама, як распавёў сам Шмыт, ён працуе на міжнародным радыё «Беларусь».
Форум