Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 9 студзеня прагаласавала за ўвядзеньне санкцый супраць Міжнароднага крымінальнага суду на знак пратэсту супраць выдадзеных судом ордэраў на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і былога ізраільскага міністра абароны Ёава Галанта за ваенную кампанію ў сэктары Газа.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Галасы разьмеркаваліся 243 супраць 140 на карысьць «Закону аб супрацьдзеяньні нелегітымнаму суду». Закон уводзіць санкцыі супраць любога замежніка, які расьсьледуе, арыштоўвае, затрымлівае ці перасьледуе ў судзе грамадзян ЗША ці саюзных краінаў, у тым ліку Ізраілю, якія не прызнаюць паўнамоцтваў суду. Ні ЗША, ні Ізраіль не падпісалі Рымскі статут, якім быў заснаваны Міжнародны крымінальны суд.
45 дэмакратаў далучыліся да 198 рэспубліканцаў у падтрымцы законапраекту. Ніводзін рэспубліканец не галасаваў супраць.
«Амэрыка прымае гэты закон, таму што незаконны суд спрабуе арыштаваць прэм’ер-міністра нашага вялікага саюзьніка, Ізраілю», — заявіў прадстаўнік рэспубліканцаў Браян Маст, старшыня Камітэту ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, у сваім выступе перад галасаваньнем.
Галасаваньне Палаты прадстаўнікоў, адно зь першых з моманту фармаваньня новага Кангрэсу на мінулым тыдні, падкрэсьліла моцную падтрымку ўраду Ізраілю з боку аднапартыйцаў абранага прэзыдэнта Дональда Трампа, рэспубліканцаў, якія цяпер кантралююць абедзьве палаты Кангрэсу.
Нядаўна прызначаны лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Джон Тун паабяцаў хутка разгледзець законапраект у Сэнаце, каб Трамп мог падпісаць закон адразу пасьля ўступленьня на пасаду.
МКС — міжнародны судовы орган, які можа прыцягваць да адказнасьці асобаў за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці, генацыд і ваенную агрэсію ў краінах-чальцах суду або ў адносінах да іх грамадзян.
Суд заявіў, што яго рашэньне аб выдачы ордэраў на арышт ізраільскіх палітыкаў адпавядае падыходу МКС да ўсіх справаў, грунтуецца на ацэнцы пракурорам дастатковасьці доказаў і на думцы, што выдача ордэраў на арышт можа прадухіліць далейшыя злачынствы.
Рэспубліканцы ў Кангрэсе асуджалі МКС з таго часу, як суд выдаў ордэры на арышт Нэтаньягу і былога міністра абароны Ізраілю, абвінаваціўшы іх у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці падчас 15-месячнага канфлікту ў Газе. Ізраіль адмаўляе гэтыя абвінавачаньні.
Форум