Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паабяцаў, што прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ня будзе арыштаваны, калі прыедзе ў Польшчу на юбілей вызваленьня вязьняў нацысцкага канцлягера Аўшвіц, паведамляе Польскае агенцтва друку.
Па словах кіраўніка ўраду Польшчы, ён зьвярнуўся з просьбай забясьпечыць гэтае рашэньне юрыдычна да міністраў юстыцыі і замежных спраў Польшчы.
«З аднаго боку, у нас ёсьць ордэр Міжнароднага крымінальнага суду; з другога, для мяне з самага пачатку было відавочна, што прэм’ер-міністар Ізраілю, прэзыдэнт Ізраілю або любы іншы прадстаўнік дзяржавы Ізраіль павінны мець поўныя правы і пачуцьцё бясьпекі на юбілейных урачыстасьцях», — сказаў ён.
«Я не магу сабе ўявіць, каб палітычныя лідэры Ізраілю не змаглі бясьпечна ўдзельнічаць у адзначэньні гадавіны вызваленьня Асьвенціма, гэта зусім непрымальна», — сказаў Туск.
9 студзеня ўрад Польшчы апублікаваў рэзалюцыю, у якой гарантуецца свабодны ўдзел вышэйшых прадстаўнікоў Ізраілю ў мерапрыемствах 27 студзеня з нагоды 80-й гадавіны вызваленьня вязьняў нацысцкага канцлягера Аўшвіц.
«Гарантаваньне бясьпечнага ўдзелу ізраільскіх лідэраў ва ўрачыстасьцях урад Польшчы разглядае як частку пашаны габрэйскаму народу, мільёны дачок і сыноў якога сталі ахвярамі Галакосту», — гаворыцца ў паведамленьні канцылярыі ўраду.
Раней стала вядома, што з просьбай гарантаваць бясьпеку Нэтаньягу да ўраду зьвярнуўся і польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда. Ці зьбіраецца сам Нэтаньягу наведаць цырымонію ў Асьвенціме, невядома. Як мяркуецца, ізраільскую дэлегацыю ўзначаліць міністар адукацыі.
У верасьні 2024 году дырэктар мэмарыяльнага комплексу «Аўшвіц — Біркенаў» заявіў, што расейскую дэлегацыю ня будуць запрашаць на цырымонію з нагоды 80-й гадавіны вызваленьня вязьняў нацысцкага канцлягера Аўшвіц.
- Польшча — член Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Суд лічыць, што мае права на арышт дзяржаўных лідэраў, нягледзячы на тое, што звычайна тыя карыстаюцца абсалютным імунітэтам у міжнародных адносінах.
- Ордэн на арышт Біньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта быў выдадзены ў лістападзе 2024 году. Міжнародны крымінальны суд абвінавачвае іх у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці ў сэктары Газа ў пэрыяд з 8 кастрычніка 2023 па 20 траўня 2024 году. Ізраіль абвінавачваньні катэгарычна адмаўляе.
Форум