Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Асіповічах падчас вячэры ў дзіцячым садку памерла двухгадовае дзіця


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У дзіцячым садку Асіповічаў у Магілёўскай вобласьці памерла двухгадовае дзіця. Раней пра гэта не паведамлялася. Цяпер Сьледчы камітэт праводзіць праверку надзвычайнага здарэньня.

Партал «Люстэрка» распавядае падрабязнасьці гібелі дзіцяці.

Яна адбылася ў асіповіцкім дзіцячым садку № 12. Па словах крыніцы парталу, гэта здарылася ў канцы сьнежня летась. У дзіцяці падчас вячэры адбылася асьфіксія — стан, пры якім звужаюцца дыхальныя шляхі праз трапленьне іншароднага аб’екта, а арганізм не атрымлівае кісларод.

«Ён еў блінчык і ня змог яго пражаваць» — расказаў суразмоўца парталу. Паводле яго слоў, сям’і не дазваляюць гаварыць пра трагедыю публічна.

Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў аддзел адукацыі Асіповіцкага райвыканкаму як занепакоеная жыхарка горада. У ведамстве пацьвердзілі інфармацыю аб гібелі дзіцяці і паведамілі, што СК праводзіць сьледчыя дзеяньні.

«Тая інфармацыя, якая павінная быць даведзена да грамадзкасьці, будзе даведзена ва ўстаноўленым парадку. Для мяне гэта трагічны выпадак, — адказала чыноўніца райвыканкаму. — Аддзел адукацыі ў той жа дзень знаходзіўся на месцы, усе службы былі праінфармаваныя неадкладна. Гэта пракуратура Асіповіцкага раёна, Сьледчы камітэт раёна, райвыканкам і вышэйстаячая арганізацыя — упраўленьне адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму».

Па словах супрацоўніцы аддзела адукацыі, выхавацелі, якія ў той дзень былі на зьмене, і загадчыца дзіцячага сада працягваюць знаходзіцца на працоўных месцах. На час правядзеньня праверкі надзвычайнага здарэньня іх не адхілялі ад працы.

«На якой падставе яны могуць сёньня не працаваць? Вы ж нічога не ведаеце аб тым, што адбылося, — сказала чыноўніца. — Гэтая ўстанова працуе дзесяцігодзьдзямі тым складам, што і сёньня, з тымі ж выхавацелямі. Празь іх рукі прайшлі сотні дзяцей. Там і сёньня 110 дзяцей. Усе жывыя і здаровыя. Я дзесяцігодзьдзямі працую ў сыстэме адукацыі, і гэта першы такі выпадак, трагічны выпадак. Цяпер вызначаецца, хто ў ім вінаваты і ці вінаваты. Калі вызначаць, што ёсьць віна супрацоўнікаў, то, вядома, яны панясуць пакараньне. У гэты момант мы мяркуем, што іх віны няма».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG