Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыдумалі, за што яшчэ караць сем’і зь дзецьмі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нарэшце добрыя навіны — беларускам у гэтым годзе павялічылі выплаты, зьвязаныя зь цяжарнасьцю і родамі, і некаторыя катэгорыі сем’яў зь дзецьмі таксама будуць атрымліваць большую падтрымку ад беларускай дзяржавы.

Гэта і праўда выдатная навіна — я пішу гэта без аніякага сарказму. Але, як гэта звычайна бывае, калі гаворка ідзе пра беларускую дэмаграфічную палітыку, ёсьць падвох. І, вядома ж, гэты падвох палітычны. Каб не забывалі беларусы і беларускі, якія ў роднай дзяржавы прыярытэты і што на самой справе значыць дэмаграфічная заклапочанасьць уладаў.

Падвох вельмі просты і страшны адначасова — улады легалізавалі яшчэ адну форму ціску на неляяльных грамадзян і грамадзянак. Савет міністраў вынес новую пастанову, у адпаведнасьці зь якой дзяцей будуць прызнаваць такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, калі кагосьці зь іх бацькоў караюць па палітычных артыкулах.

Мама пераслала сяброўцы артыкул з парадамі псыхоляга, надрукаваны ў незалежным СМІ? Тата расказаў няправільным журналістам, як быў арганізаваны капрамонт у іх шматпавярховіку? Усё, сацыяльна небясьпечнае становішча. Улік, праверкі, запужваньні і, верагодна, інтэрнат.

Таксама СНС (сацыяльна небясьпечнае становішча) пагражае тым, у каго дзеці атрымалі траўмы праз пажар ці атруціліся нейкімі рэчывамі. Усё гэта дзяржава лічыць неналежным выкананьнем бацькоўскіх абавязкаў — і, адпаведна, карае сям’ю. Бо важна ж памятаць, што СНС — гэта карны інструмэнт, а не інстытут дапамогі сем’ям, якія аказаліся ў цяжкай сытуацыі. Дзяржава праводзіць так званае сацыяльнае расьсьледаваньне, бацькам пагражаюць адабраць дзяцей, і для ўсёй сям’і гэта дужа траўматычны працэс.

Але якая дзяржаве справа да псыхалягічных траўмаў дзяцей і іх бацькоў, калі ўся гэтая палітыка накіраваная на тое, каб грамадзяне проста былі зручнымі і не псавалі статыстыку? І калі дабрабыт дзяцей клапоціць улады толькі тады, калі гэта палітычна правільныя дзеці, выхаваныя палітычна правільнымі бацькамі — фанатамі Лукашэнкі?

Ведаеце, да чаго прывядуць новыя правілы? Па-першае, у грамадзтве будзе яшчэ больш нянавісьці. Так, дзяцей палітычна актыўных бацькоў і раней прызнавалі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, але цяпер, відавочна, такіх выпадкаў будзе болей, і гэта стане рутыннай справай.

Па-другое, варта чакаць павелічэньня дзіцячай сьмяротнасьці і выпадкаў інваліднасьці, бо бацькі пабаяцца лішні раз выклікаць хуткую ці самастойна зьвярнуцца па дапамогу ў, так бы мовіць, спрэчных сытуацыях.

А можна ж было прыдумаць мэханізмы падтрымкі ў цяжкіх сытуацыях. Заахвочваць бацькоў супрацоўнічаць з школьнымі псыхолягамі, рабіць з той жа школы ня карны інстытут, а месца, дзе сям’і могуць дапамагчы. Але для гэтага ў цэнтры ўвагі павінен стаць дзіцячы дабрабыт. А гэтага пры цяперашняй уладзе мы дакладна не дачакаемся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG