Як паведамляе «Вясна», першы раз Франчука судзілі ў красавіку 2023 году і тады пакаралі 3 гадамі зьняволеньня. Праз тры месяцы над палітвязьнем адбыўся новы суд, які прызнаў яго вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі. Тады да прысуду Франчуку дадалі яшчэ паўгода. Трэцім разам Сяргея Франчука будуць судзіць паводле 369 артыкулу КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Сяргей Франчук — стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Сяргею 37 гадоў, ён з Бабруйску, мае інваліднасьць 3-й групы. Мужчыну затрымалі ў жніўні 2022 году на кватэры бацькоў. Як паведаміла пра тыя падзеі маці Вадзіма Кабанчука Таісія Кабанчук, пяць чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіўся Сяргей, ударылі яго пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон і ноўтбук. Зь Сяргеем Франчуком запісалі відэа, на якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» Telergam-чатах. Лоб мужчыны быў залеплены плястырам, зазначаюць праваабаронцы «Вясна».
Адбываў пакараньне Сяргей Франчук у калёніі № 1 у Наваполацку. Цяпер судзіць яго будзе судзьдзя з Бабруйску Андрэй Літвін.
Форум