Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа патлумачылі, чаму прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі руху


Дэлегацыя Беларускага Чырвонага Крыжа на канфэрэнцыі міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ў Жэнэве (Швайцарыя), кастрычнік 2024. Фота Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа
Дэлегацыя Беларускага Чырвонага Крыжа на канфэрэнцыі міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ў Жэнэве (Швайцарыя), кастрычнік 2024. Фота Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Дэлегацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, сяброўства якога ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыненае, наведала ў Жэнэве форум міжнароднага руху Чырвонага Крыжа.

У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа пацьвердзілі Свабодзе, што прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, сяброўства якога прыпынена ў складзе Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, удзельнічалі ў пасяджэньні Рады дэлегатаў і 34-й канфэрэнцыі міжнароднага руху ў канцы кастрычніка 2024 году ў Жэнэве (Швайцарыя).

«Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у Міжнароднай канфэрэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і Радзе дэлегатаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа як адно з 191 нацыянальнага таварыства, што ўваходзяць у міжнародны рух», — паведаміла Свабодзе кіраўніца аддзелу камунікацый у пытаньнях Эўразіі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Джэніфэр Спаркс.

У той жа час, адказваючы на пытаньне, на чыё запрашэньне прыехала беларуская дэлегацыя і хто аплочваў яе расходы, Джэніфэр Спаркс зазначыла, што «Беларускі Чырвоны Крыж, як і ўсе іншыя нацыянальныя таварыствы, што ўдзельнічалі ў Статутных пасяджэньнях руху, нясе адказнасьць за атрыманьне неабходнай візы».

«Аб’яднаны арганізацыйны камітэт Статутных пасяджэньняў Міжнароднай фэдэрацыі і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа не аказваў ніякай фінансавай падтрымкі Беларускаму Чырвонаму Крыжу», — падкрэсьліла яна.

Адначасова кіраўніца аддзелу камунікацый у пытаньнях Эўразіі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа адзначыла, што сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі па-ранейшаму прыпыненае.

«Рашэньне аб прыпыненьні сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў ухвалена не Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, а менавіта фэдэрацыяй.

Па ўзгадненьні з фэдэрацыяй мы пацьвярджаем, што сяброўства пакуль застаецца прыпыненым, аднак яно можа быць адноўлена пасьля выкананьня рашэньня ўправы Міжнароднай фэдэрацыі», — адзначыла Джэніфэр Спаркс.

У канцы кастрычніка 2024 году у Telegram-канале Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа апублікавалі інфармацыю аб удзеле беларускай дэлегацыі ў пасяджэньні Рады дэлегатаў і 34-й Міжнароднай канфэрэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Што папярэднічала

У кастрычніку 2023 году ўправа Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прапанавала Беларускаму Чырвонаму Крыжу да 30 лістапада таго ж году вызваліць з пасады генсакратара арганізацыі Дзьмітрыя Шаўцова.

Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі пасьля ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.

Аднак 7 верасьня XXVI зьезд Беларускага Чырвонага Крыжа прыняў аднагалоснае рашэньне аб працягу працы Дзьмітрыя Шаўцова на займанай ім пасадзе генэральнага сакратара.

1 сьнежня 2023 году Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа празь невыкананьне рашэньня ўправы страціла статус сябра ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП), а разам з гэтым і міжнароднае фінансаваньне.

Сёлета Дзьмітры Шаўцоў стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 26 студзеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG