Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэст частковага блякаваньня? Чаму ў Беларусі ўначы не працавалі YouTube, Telegram, Facebook і іншыя папулярныя сэрвісы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Уначы 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі скардзіліся на праблемы з доступам да папулярных сэрвісаў. Гэта працягвалася прыкладна з 01:00 да 03:00 ночы. Расказваем, з чым гэта зьвязана і як тэхнічна магчыма.

У ноч на 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube, сацыяльных сетак Facebook і Instagram, мэсэнджара Telegram і іншых папулярных сэрвісаў. Пра такія праблемы паведамлялі як жыхары Менску, так і абласных цэнтраў і раённых гарадоў. Паводле паведамленьняў, доступу да сэрвісу не было на працягу трох гадзінаў.

Пры гэтым дзяржаўныя навінавыя парталы, а таксама сайты дзяржаўных органаў адкрываліся, праз VPN-сэрвісы працавалі і згаданыя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. Нацыянальная тэлекамунікацыйная кампанія Белтэлекам папярэдзіла карыстальнікаў пра магчымыя збоі загадзя.

«10 студзеня 2025 году з 00:00 да 07:30 у сувязі з правядзеньнем работ на сетцы перадачы дадзеных РУП „Белтэлекам“ магчымае абмежаваньне доступу да паслуг сеткі перадачы дадзеных для абанэнтаў гораду Менску, Гомля і Гомельскай вобласьці», — гаварылася ў паведамленьні.

«Падобна да тэсту блякаваньня»

Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці патлумачыў Свабодзе, што тэхнічнага збою ці нейкіх тэхнічных работ выключаць нельга. Аднак больш фактараў сьведчыць пра наўмысную спробу блякаваньня.

«Не было паведамленьняў, што выкарыстоўвалася нейкае замаруджваньне, проста адключылі. Выглядала як масавае блякаваньне папулярных сэрвісаў. Вельмі падобна да тэставаньня нейкіх будучых блякаваньняў, бо тэхнічны збой адбываецца тады, калі сетка загружаная. А тут усё адбылося ўначы, калі сетка менш загружаная, калі менш другасных эфэктаў нейкіх», — кажа экспэрт.

Апошні раз праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube назіраліся ў Беларусі ў навагоднюю ноч, падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Такія ж праблемы былі і ў папярэдні Новы год.

«Гэта ня першая такая спроба, гэта здарылася бліжэй да выбараў — усё гэта кажа пра спробу тэсту частковага блякаваньня», — дадае экспэрт.

У 2020 годзе інтэрнэт у Беларусі не працаваў падчас выбараў некалькі дзён. Тады выкарыстоўваўся комплексны падыход да блякаваньня: інтэрнэт без VPN амаль не працаваў. Гэта рабілася некалькімі крокамі:

  • Шчыльная фільтрацыя трафіку. Гэта калі адключаецца шэраг пратаколаў, па якіх працуюць розныя інтэрнэт-сэрвісы. Пры такім варыянце ўзьнікаюць праблемы нават з VPN.
  • Масавае блякаваньне вэб-сайтаў і сэрвісаў.
  • Мабільны шотдаўн. Гэта калі адключаецца мабільны трафік як лякальна, у канкрэтных месцах, так і глябальна.

Цяпер жа не працавалі толькі некаторыя рэсурсы. Напрыклад, беларускія сайты, замежныя Twitter і Reddit адчыняліся. У Расеі ўлады часткова блякуюць відэагостынг YouTube, але там гэта робіцца шляхам запавольваньня працы сэрвісу.

«Магчымасьць цалкам заблякаваць інтэрнэт на выбары»

Прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар са спасылкай на крыніцы арганізацыі кажа пра варыянт як частковага адключэньня некаторых рэсурсаў, так і поўнага блякаваньня інтэрнэту падчас выбараў. Нават пры яўнай адсутнасьці пагрозы грамадзянскай актыўнасьці.

«Сыстэма рыхтуецца да адключэньня калі не інтэрнэту, то асноўных мэсэнджараў. Яны ўжо прайшлі сытуацыю 2020 году. Нават прэвэнтыўна, калі ня будзе пагрозы для сыстэмы, яны могуць заглушыць нейкія мэсэнджары ці сацыяльныя сеткі. Яны выконваюць комплекс мераў, якія не былі выкананыя ў 2020-м і сталі каталізатарам праблем для іх. Яны максымальна спакойна хочуць прайсьці выбары», — кажа Ўладзімер Жыгар.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Паводле Ўладзімера Жыгара, неабходнае абсталяваньне ў беларускіх уладаў ёсьць. Аднак калі нейкія выпрабаваньні пойдуць няўдала, то могуць адключыць проста ўвесь інтэрнэт, як гэта было ў 2020 годзе.

«Яны могуць спакойна адключыць інтэрнэт на некалькі дзён. Гэта, вядома, выдаткі для сыстэмы. Аднак гэтая сыстэма любой цаной хоча захаваць спакой для сябе. Мы ведаем, і ў нас ёсьць дакумэнт, які гэта пацьвярджае, — такая вэрсія разглядаецца, хоць і ня вельмі выгадная для іх», — зважае суразмоўца.

Пра магчымасьць адключэньня інтэрнэту казаў і Лукашэнка на сустрэчы з студэнтамі ў Лінгвістычным унівэрсытэце 22 лістапада. Аднак ён казаў пра такі варыянт пры паўтарэньні пратэстаў.

Што рабіць пры частковым ці поўным блякаваньні

Адзін з папулярных спосабаў абыходу блякаваньня — Virtual Private Network (VPN). Карыстальнік нібыта падключаецца не да заблякаваных рэсурсаў, а да чужой сеткі, і з тае сеткі ўжо заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы. Бывае VPN, убудаваны ў браўзэр (напрыклад, браўзэр Opera), бываюць і староньнія рэсурсы.

Можна таксама скарыстацца Web proxy. Гэта зручна, калі трэба атрымаць доступ не да праграмы, а да сайта. Можна нічога не ўсталёўваць, а скарыстацца сайтам-«ананімайзэрам» (Web proxy). З боку правайдэра будзе відаць, што карыстальнік заходзіць не на заблякаваны сайт, а на старонку ананімайзэра, а што адбываецца на гэтай старонцы — не відаць. Такі варыянт будзе працаваць нават пры праблемах з доступам да VPN. У 2020 годзе карыстальнікі ратаваліся ад шотдаўна пры дапамозе плятформы Psiphon, якая выкарыстоўвае адразу некалькі спосабаў абыходу інтэрнэт-цэнзуры (VPN, SSH, Proxy).

Трэці спосаб — вэб-браўзэр Tor. Ананімная сетка праекту Tor («The Onion Router» — даслоўна «цыбулевы роўтэр») шмат разоў шыфруе і перанакіроўвае інфармацыю па вузлах сеткі, перш чым тая трапіць да карыстальніка. Праект «цыбулевай маршрутызацыі» распрацавалі вайскова-марскія сілы ЗША, але цяпер ён даступны карыстальнікам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG