Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» назвалі афіцыйную прычыну сьмерці Ўладзімера Макея

абноўлена

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Ініцыятыва «Кібэрпартызаны» здолела здабыць дадзеныя аб памерлых у Рэспубліцы Беларусь ажно да 2024 году з афіцыйнымі прычынамі сьмерці.

База ўтрымлівае дадзеныя і пра сьмерць былога міністра замежных справаў Уладзімера Макея.

Паводле зьвестак, атрыманых «Кібэрпартызанамі», афіцыйная прычына сьмерці Макея — «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці». Кіраўнік МЗС Беларусі памёр 26 лістапада 2022 году. Яму было 64 гады.

Афіцыйна прычына сьмерці не агучвалася. «Наша Ніва» ў дзень сьмерці Макея паведаміла, што прычынай яго сьмерці стаў інфаркт. Праз пэўны час неафіцыйныя крыніцы паведамілі, што ён зрабіў самагубства.

У здабытай «Кібэрпартызанамі» базе ёсьць інфармацыя і пра прычыны сьмерці былога міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі. Яна такая самая, як у выпадку Ўладзімера Макея: «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці». Раней незалежныя журналісты паведамлялі, што абодва чыноўнікі скончылі жыцьцё самагубствам.

Тая самая прычына ў базе называецца і для палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр у зьняволеньні.

Адносна Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, якія загінулі падчас пратэстаў 2020 году, прычынай сьмерці першага пазначаная «адкрытая рана пярэдняй сьценкі грудной клеткі», а другога — «ачаговая траўма галаўнога мозгу».

«Кіберпартызаны» таксама апублікавалі скрыншоты адносна двух загінулых 28 верасьня 2021 году ў выніку ўварваньня сілавікоў у кватэру айцішніка Андрэя Зельцара — самога Зельцара і кадэбэшніка Дзьмітрыя Федасюка.

Прычына сьмерці Андрэя Зельцара — «адкрытая рана пярэдняй сьценкі грудной клеткі», Дзьмітрыя Федасюка — «іншыя ўдакладненыя траўмы з уключэньнем некалькіх абласьцей цела».

  • Уладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 году ва ўзросьце 64 гадоў. Паводле тагачасных паведамленьняў некаторых СМІ, у яго здарыліся праблемы з сэрцам. Макей дзясяткі гадоў быў на дзяржаўнай службе і з 2012 году ўзначальваў Міністэрства замежных спраў Беларусі.
  • 5 ліпеня 2023 году стала вядома пра сьмерць міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі. Паводле тагачасных зьвестак аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol, Аўраменка нібыта забіў сябе.
  • Аляксандар Тарайкоўскі быў забіты падчас пратэстаў у Менску 10 жніўня 2020 году стрэлам у грудзі, які зрабіў баец спэцыяльнага аддзелу «Алмаз».
  • Генадзь Шутаў быў забіты апранутымі ў цывільнае афіцэрамі вайсковага спэцназу 19 жніўня 2020 году стрэлам у галаву.
  • Вітольд Ашурак памёр 21 траўня 20321 году ў папраўчай калёніі № 17 у Магілёўскай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG