Разгляд справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета прыпынілі да дэмабілізацыі адной з абвінавачаных, паведамляе «Українська правда».
Абвінавачаныя цяпер у войску: Яна Дугар мабілізаваная, Андрэй Антоненка служыць па кантракце.
Баявы мэдык Дугар удакладніла, што займае кіроўную пасаду і працуе на эвакуацыі байцоў з поля бою. Антоненка патлумачыў, што ваюе на адным з важных кірункаў.
Трэцяя фігурантка, Юлія Кузьменка, расказала, што таксама езьдзіць у прыфрантавыя рэгіёны як лекар.
Пацярпелыя, маці і дачка Шарамета, а таксама рэдактар-заснавальнік УП Алена Прытула, падтрымалі адкладаньне разгляду. Іх адвакат таксама служыць ва УСУ, таму раней пацярпелыя ўжо прасілі прыпыніць суд да канца вайны.
- Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
- Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
- На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі.
- Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства.
- З верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд.
- Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.