Жывым выступам папулярнага гурту Akute стартуе летні сэзон на адкрытай пляцоўцы DВОР. Гэта тэрыторыя былой менскай мэблевай фабрыкі (вуліца Кальварыйская, 21).
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як удакладняюць арганізатары, абавязковы дрэс-код для слухачоў — маскі і пальчаткі дзеля бясьпекі ў часе збору.
Новая творчая пляцоўка пад назвай DВОР — гэта вялікая лякацыя з драўлянымі фуд-хаткамі, якая зьявілася яшчэ ўзімку як эўрапейскі калядны кірмаш «Арт-Арэна». Да лета тут вырашылі памяняць фармат і правесьці рэбрэндынг.
«Мы ўлічылі пажаданьні гасьцей і вырашылі зрабіць модны, прыгожы DВОР у эўрапейскім стылі для ўсіх — на кожны густ, колер і ўзрост», — адзначылі прадстаўнікі лякацыі.
Сцэна ў выглядзе вялікага ангару пачне працаваць 13 чэрвеня. Гэдлайнэрамі першага посткарантыннага канцэрту — магілёўскі гурт Akute. Пасьля шэрагу онлайн-выступаў будзе магчымасьць паслухаць іх ужывую. Таксама прагучыць трыб’ют легендарных Queen у выкананьні The Feedback.
Акрамя таго, пройдзе інтэлектуальны спабор сярод 16 камандаў (з папярэдняй рэгістрацыяй).
Арганізатары абяцаюць выконваць захады бясьпекі, а таксама раздаваць наведнікам маскі з пальчаткамі ў харчовай зоне. У кожнай фуд-хатцы будзе антысэптык.
Тэрыторыя DВОРа займае 3,5 тысячы квадратных мэтраў, так што наведнікі ў змозе трымацца на бясьпечнай адлегласьці адзін ад аднаго.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ