Ад 15 чэрвеня Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы вяртаецца ў звычайны рэжым працы. На галоўнай сцэне пакажуць тэатральную візытоўку — спэктакль «Паўлінка».
«Сталы глядач Купалаўскага тэатру ведае, што кожны наш сэзон пачынаецца з славутай „Паўлінкі“. А ў гэтым непрадказальным сэзоне зьявілася магчымасьць адкрыць яго двойчы», — адзначае кіраўніцтва ўстановы.
Усе, хто падтрымаў тэатар і ня здаў квіткі ў красавiку, могуць прыйсьці на пастаноўку. Адкарэктаваны рэпэртуар на чэрвень і ліпень — на сайце тэатру.
Адміністрацыя запэўнівае, што для гледачоў прадугледжаныя меры бясьпекі падчас прагляду. Рассаджваюць праз дыстанцыю ў 2 месцы, ня больш за 100 гледачоў у залі на галоўнай сцэне (з 338 месцаў), ня больш за 40 гледачоў на камэрнай сцэне (з 80 месцаў).
Напачатку і ў канцы спэктаклю — абавязковая дэзынфэкцыя памяшканьняў. Таксама можна скарыстацца антысэптыкамі, разьмешчанымі паўсюль у тэатры.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ