11 чэрвеня аднаўляецца онлайн-фэстываль VELO_ve Music Fest 2.0. Арганізатары абяцаюць, што летні сэзон прынясе яшчэ больш эмоцый і ўражаньняў.
Трансьляцыі VELO_ve Music Fest 2.0 будуць праходзіць у нечаканых месцах Беларусі, а калі ўдасца прачыніць межы, то і ў іншых краінах. Музыка на любы густ: ад хіп-хопу да панк-року.
Удзел у фэстывалі ўжо пацьвердзілі вядомыя выканаўцы: топавыя дыджэі зь «Ібіцы», берасьцейскі гурт «Дай Дарогу!», удзельнікі Intelligency, якія ўзарвалі чарты гітом August і падпісалі кантракт з лэйблам Warner Music.
Як і першая частка, другая хваля вечарынак прапануе гледачам ня проста забаўляльны кантэнт, а і сэнсавую нагрузку. Каб забясьпечыць зваротную сувязь з артыстамі, арганізатары запрасілі ў якасьці вядоўцы шоўмэна Андрэя Бонда. Падчас жывых эфіраў ён будзе агучваць факты пра лякацыі, адказваць на пытаньні і праводзіць конкурсы.
Агулам заплянавана восем інтэрактыўных трансьляцый, якія будуць выходзіць кожны тыдзень увечары па чацьвяргах. Пазьней арганізатары будуць паступова выходзіць у офлайн і запрашаць гледачоў на пляцоўкі трансьляцый.
Адкрывае музычны сэзон онлайн-вечарына VELO_ve Eco на набярэжнай Сьвіслачы, на тэрыторыі Менскага станкабудаўнічага заводу. Тэматыка актуальная — сацыяльна-экалягічная праблема, якая закранае ня толькі матэрыяльны, але і духоўны бок. Экспэрымэнтальны фрык-тэатар T(e): Art пад хіп-хоп і драм-н-бэйс музыку ад Dirty Owl hybrid live, Odeb live, Awlnight live, Eng8 пакажа пэрформанс Plastic Fantastic.
«Сваёй працай Plastic Fantastic мы выказалі ўсё, што адчуваем у высокатэхналягічны век: барацьбу з аднаразовасьцю, падробкай якасьці жыцьця, люстраным уяўленьнем свайго „я“ праз экран мабільнага тэлефона. Сваю залежнасьць ад ацэнкі грамадзкай думкі, якая жыве ў сацыяльных сетках», — кажа мастацкая кіраўніца тэатру Марына Раева.
Бясплатная трансьляцыя VELO_ve Music 2.0 — ECO стартуе 11 чэрвеня і будзе доўжыцца ад 19.00 да 23.00.
Першая хваля онлайн-вечарынак VELO_ve Music Fest адбывалася з 24 красавіка да 28 траўня. Трансьляцыі фэстывалю даступныя для бясплатнага прагляду.