17 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачынаюць абмяркоўваць праект бюджэту Беларусі на 2019 у «нулявым» чытаньні.
«Гэтая навіна стала для нас абсалютна нечаканай. Пра пасяджэньне дэпутатам паведамілі літаральна пару гадзінаў таму», — сказала Свабодзе апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая.
Абмеркаваньне пройдзе за зачыненымі дзьвярыма. Журналісты, акрамя апэратара тэлебачаньня, на пасяджэньне не запрошаныя.
На пытаньне Свабоды, ці ўлічвае праект бюджэту адмову ўладаў Расеі выплачваць Беларусі страты ад падатковага манэўра, спадарыня Канапацкая адказала:
«Я гэтага ня ведаю. Магчыма, нешта будзе ў апошнім варыянце праекту. Але дэпутаты яго яшчэ не бачылі».