У Палату прадстаўнікоў прыбыла чэская дэлегацыя на чале з дэпутатам Даніелам Паўласам, які прадстаўляе Камуністычную партыю Чэхіі і Маравіі.
Даніел Паўлас у Празе ўзначальвае Чэска-беларускую міжпарлямэнцкую групу дружбы, усяго ў групе 10 дэпутатаў, але ў Менск прыехаў толькі старшыня.
Даніел Паўлас заявіў у Менску, што спадзяецца на перазагрузку ў стасунках Чэхіі і Беларусі.
«Пасьля апошніх парлямэнцкіх выбараў у Чэхіі новы ўрад вельмі разьлічвае на супрацу зь Беларусьсю. Мы павінны паглыбляць і пашыраць супрацоўніцтва, бо ў мінулым мы пра гэта вельмі часта забывалі. Тады дачыненьні Чэхіі і Беларусі, калі можна так сказаць, канцэнтраваліся на запасных рэйках. А іх трэба выводзіць на галоўныя», — сказаў Свабодзе чэскі дэпутат Паўлас пасьля сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў.
Дэпутатка Людміла Ніжэвіч, якая ўзначальвае групу зь беларускага боку, заявіла, што шэраг беларуска-чэскіх дакумэнтаў, уключаючы рамачнае пагадненьне, дагэтуль не падпісаныя і знаходзяцца «на чэскім баку». Таксама, паводле яе, ня ўнесеныя зьмены ў дамову аб узаемнай абароне інвэстыцый. Яе ратыфікавалі ў 1996 годзе, але за гэты час у дакумэнце шмат што састарэла.
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук дадаў, што трэба наладжваць супрацоўніцтва і на рэгіянальным узроўні.
З чэскага боку за сталом перамоваў разам з дэпутатам Паўласам было яшчэ 9 чалавек, але сярод іх больш не было дэпутатаў, гэта былі супрацоўнікі чэскага парлямэнту, амбасады і чатыры бізнэсоўцы.