У сераду, 12 сьнежня, Менск наведае дэлегацыя Чэска-Беларускай міжпарлямэнцкай групы дружбы. Групу чэскіх дэпутатаў прымуць у Палаце прадстаўнікоў.
З чальцамі чэскай дэлегацыі сустрэнецца намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пірштук.
«На сустрэчы бакі абмяркуюць магчымасьці актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сфэрах, а таксама пашырэньне кантактаў на ўзроўні рэгіёнаў» — паведамляе прэс-служба Палаты Прадстаўнікоў.
Дэлегацыю Чэска-Беларускай міжпарлямэнцкай групы дружбы ўзначльвае Даніэль Паўлас з Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі (Komunistická strana Čech a Moravy).
Усяго ў групе 10 дэпутатаў. Пяцёра зь іх належаць да камуністычнай партыі, адзін — сацыял-дэмакрат (Česká strana sociálně demokratická), а чацьвёра належаць да праварадыкальнай і эўраскептычнай партыі «Свабодная і прамая дэмакратыя» (Svoboda a přímá demokracie ).