Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цікавасьць да беларускай тэмы ў Польшчы значна зьнізілася, бо няма пра што спрачацца, — польскі экспэрт Патоцкі


Сейм Польшчы. 8 студзеня 2025
Сейм Польшчы. 8 студзеня 2025

Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі расказвае, чаму ў Польшчы зьнізіўся інтарэс да беларускай тэмы, і тлумачыць, пры якім варыянце Лукашэнка разьлічвае вярнуцца да старой палітыкі «шматвэктарнасьці».

Сьцісла:

  • Гэта ўжо не 2020 год; такой увагі, як тады, да Сьвятланы Ціханоўскай у Польшчы ўжо няма.
  • Польскія ўлады прыйшлі да высновы, што тыя, хто хацеў выехаць зь Беларусі, гэта ўжо зрабілі.
  • Папярэдняя дырэктарка «Белсату» Агнешка Рымашэўская была для новага ўраду сымбалем папярэдняй улады.
  • Калі ЗША пачнуць нейкія фармальныя ці нефармальныя размовы з Расеяй, то Лукашэнка можа выканаць нейкую сваю ролю.

— У Польшчы пачынаецца кампанія выбараў прэзыдэнта краіны, якую прызначылі на 18 траўня. У якой ступені ў гэтай кампаніі і ўвогуле сёньня ў палітычным жыцьці Польшчы прысутнічае беларуская тэма?

— Беларуская тэма цяпер фактычна зусім не прысутнічае ў гэтай кампаніі, бо няма пра што спрачацца паміж галоўнымі палітычнымі сіламі. Да парлямэнцкіх выбараў восені 2023 году спрачацца было пра што. Цяперашняя выканаўчая ўлада — Грамадзянская кааліцыя — тады была ў апазыцыі і крытыкавала кіроўную партыю ПІС («Права і справядлівасьць») за яе «занадта жорсткую» палітыку на памежжы. Яна таксама падымала пытаньне, чаму ўраду ПІС не ўдалося вызваліць Анджэя Пачобута (гучалі абвінавачаньні ў недастатковых высілках).

Міхал Патоцкі
Міхал Патоцкі

А потым, калі Кааліцыя прыйшла да ўлады, высьветлілася, што Пачобута і ім не ўдалося вызваліць. А памежная палітыка ў сувязі зь мігранцкім крызісам засталася такая ж, як і пры папярэдніках. І цяпер абодва бакі асабліва ня маюць магчымасьці крытыкаваць адзін аднаго ў беларускім пытаньні, бо абодва не дабіліся вялікіх посьпехаў.

А тое, чаго ўдалося дасягнуць (зьніжэньне мігранцкага крызісу), адбылося дзякуючы супрацы ўраду Грамадзянскай кааліцыі з прэзыдэнтам Дудам, які прадстаўляе ПІС.

Калі ж казаць увогуле пра міжнародную палітыку, то тут асноўныя тэмы — вайна ва Ўкраіне, расейская пагроза, стасункі з Трампам, палітыка ўнутры Эўразьвязу. Тут ёсьць пра што спрачацца, і тут падыходы ў палітычных апанэнтаў бываюць розныя. А пра Беларусь няма пра што спрачацца, і гэта сёньня ня тая тэма, на якую палякі гавораць паміж сабой. Таму беларуская тэма пакуль асабліва не прысутнічае ў гэтай выбарчай кампаніі.

Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і Анджэя Дуды ў Варшаве, Польшча. 9 студзеня, 2025 года
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і Анджэя Дуды ў Варшаве, Польшча. 9 студзеня, 2025 года

— Акурат у гэтыя дні праходзіць візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаве, дзе яна сустракаецца з асноўнымі польскімі лідэрамі. Наколькі гэтая падзея шырока асьвятляецца ў прэсе? Ці яна не зьяўляецца вялікай інфармацыйнай нагодай для польскіх СМІ?

— Так, нагода ня вельмі. Гэта ўжо не 2020 год, калі Сьвятлана Ціханоўская была гераіняй польскай масавай увагі, гераіняй таго моманту ў гісторыі. А цяпер такога ўжо няма. Гэтая тэма цяпер цікавіць пераважна спэцыялістаў, якія займаюцца Беларусьсю.

— Калі ўсё ж гаварыць пра розьніцу ў падыходах да беларускай тэматыкі, то калі ў канцы 2023 году да ўлады ў Польшчы ў выніку парлямэнцкіх выбараў прыйшоў лібэральны ўрад Грамадзянскай кааліцыі, то многія чакалі, што і палітыка ягоная ў пэўных пытаньнях будзе больш лібэральнай. Аднак новы ўрад да беларускіх пытаньняў ставіцца больш жорстка, калі можна так сказаць. Зьявіліся і візавыя абмежаваньні, праблемы ў тэлеканалу «Белсат». Чаму так адбылося? Гэта была наўмысная палітыка ці проста так сышліся пэўныя абставіны?

— Часткова сышліся абставіны, а часткова — гэта не выпадкова. Сышліся абставіны — гэта калі мы кажам пра візы для беларусаў. Беларусы міжволі сталі ахвярай візавага скандалу папярэдняга ўраду, калі консулы, зьвязаныя зь нейкімі чыноўнікамі ў МЗС, прадавалі польскія візы ў Афрыцы ды іншых рэгіёнах.

І калі прыйшла новая ўлада і пачала з гэтым разьбірацца, то проста скараціла большасьць праграм, якімі карысталіся і беларусы. Не было нейкай матывацыі, каб палепшыць умовы для беларусаў. Польскія ўлады прыйшлі да высновы, што тыя, хто хацеў выехаць зь Беларусі, гэта ўжо зрабілі. І таму прыярытэтам зьяўляецца абмежаваньне карупцыйных магчымасьцяў у візавай сыстэме.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў былую дырэктарку тэлеканалу «Белсат» Агнешку Рамашэўскую-Гузы ордэнам
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў былую дырэктарку тэлеканалу «Белсат» Агнешку Рамашэўскую-Гузы ордэнам

Што тычыцца «Белсату», то гэтыя дзеяньні можна патлумачыць тым, што папярэдняя дырэктарка Агнешка Рымашэўская была для новага ўраду ў пэўным сэнсе сымбалем папярэдняй улады. Яна даволі актыўна выказвала свае палітычныя погляды, і гэта многім асобам з новай улады вельмі не падабалася. Я, напрыклад, пачуў у МЗС ад аднаго з чыноўнікаў, які займаецца справамі Беларусі, што яны хацелі «разбурыць імпэрыю Рымашэўскай». І яны гэта робяць.

Што тычыцца ўвогуле адносінаў Варшавы зь менскім рэжымам, то існуе разуменьне, што пасьля прыходу да ўлады Дональда Трампа (асабліва калі ЗША пачнуць нейкія фармальныя ці нефармальныя размовы з Расеяй) Лукашэнка можа мець нейкую сваю ролю. І тады гэта можа стаць вакном магчымасьцяў, каб нейкія справы зь ім вырашыць.

Пакуль непасрэдна такіх сыгналаў няма, але Трамп такі чалавек, што трэба рыхтавацца да ўсялякіх сцэнароў. І Варшава ў такім выпадку рыхтуецца да таго, каб паставіць наступныя пытаньні перад Лукашэнкам: цалкам скончыць мігранцкі крызіс, вызваліць Анджэя Пачобута і выдаць злачынцу, якія забіў польскага памежніка ў 2024 годзе. Але пакуль гэта ўсё больш тэарытычна.

— А як Варшава ўспрымае апошнія рухі Лукашэнкі — вызваленьне некаторых палітвязьняў, зьмяншэньне мігранцкага ціску, нейкія заявы, што ён ня мае дачыненьня да вайны Расеі супраць Украіны і гэтак далей?

— Як мне здаецца, гэта Варшавай успрымаецца не як дзеяньні Лукашэнкі, а як падрыхтоўка ім да пэўных дзеяньняў у тым выпадку, калі нешта істотнае адбудзецца ў амэрыканска-расейскіх адносінах. Лукашэнка, вядома, хацеў бы адыграць такую ж ролю, як у 2014-2015 гадах, ролю міратворца. Вядома, гэта ня вельмі рэалістычна, бо надта шмат зьмянілася пасьля 2020 і 2022 гадоў. Але ён на гэта разьлічвае і мяркуе, што гэта яму дазволіць вярнуцца да той гульні, якую ён вёў да 2020 году.

Маімі суразмоўцамі ў варшаўскіх кабінэтах гэта ўспрымаецца як падрыхтоўка Менскам да магчымых пераменаў глябальнага маштабу, да якіх беларускі рэжым хоча быць гатовым.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG