У Менскім гарадзкім судзе 10 студзеня пачынаецца закрыты працэс над палітзьняволеным грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі.
Масатосі затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасьці яго перасьледу расказалі ў сюжэце БТ толькі ў верасьні.
Сьцьвярджалася, што мужчына «ажыцьцяўляў збор і перадачу ў адрас японскай спэцслужбы выведвальнай інфармацыі вайсковага характару».
Наканісі інкрымінавалі арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць»). Працэс вядзе судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калёніі.
Латась у сьнежні стала вядома пра затрыманьне другога японца, што пацьвердзіла амбасада Японіі. Як пісала The Asahi Shimbun, амбасада зьвярнулася па пацьверджаньне ў МЗС Беларусі, і 16 сьнежня ведамства апавясьціла амбасаду аб затрыманьні грамадзяніна Японіі.
Паводле інфармацыі Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 сьнежня на станцыі Калінкавічы-Заходнія машыніст заўважыў чалавека, які здымае дарогу. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну – грамадзяніна Японіі. Яго прозьвішча невядомае. Пазьней у СМІ паведамлялася, што гэта можа быць вандроўны блогер, аўтар блогу «Этэру», які падарожнічаў па сьвеце і расказваў пра мясцовы транспарт і інфраструктуру. У апісаньні пазначана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.
Інфармацыі пра абставіны перасьледу абодвух арыштаваных у Беларусі японцаў бракуе.
Форум