Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніка прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі асудзілі да 4 гадоў зьняволеньня, — Politico


Мікалай Хіла, архіўнае фота
Мікалай Хіла, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд прысудзіў хрысьціянскаму прапаведніку і супрацоўніку дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Мікалаю Хілу 4 гады зьняволеньня, паведаміла выданьне Politico. Эўрапейская служба замежных сувязяў (EEAS) ізноў запатрабавала яго вызваленьня.

Паводле ранейшых зьвестак праваабаронцаў, Мікалая Хілу судзілі паводле 2 артыкулаў: ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці») і ч 3. арт 361 («Заклікі да санкцыяў») .

Вырак яму агучылі ў канцы 2024 году, але вынікі сталі вядомыя толькі цяпер, удакладняе выданьне.

Мікалая Хілу затрымалі 24 красавіка 2024 году. Спачатку інфармацыя аб тым, што ён зьяўляецца мясцовым супрацоўнікам прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, афіцыйна не паведамлялася. Ён больш вядомы як прапаведнік эвангелісцкай царквы «Дабравестка».

Пасьля таго, як на 23 сьнежня 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе быў прызначаны разгляд ягонай справы, EEAS публічна вызначыла сваю пазыцыю.

«Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Мікалая Хілы», — заявіла пасьля вынясеньня прысуду Аніта Гіпэр, прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка ЭЗ, які пажадаў застацца ананімным, Хілу затрымалі супрацоўнікі беларускага КДБ каля будынку дэлегацыі ЭЗ, удакладняе Politico.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG