30 сьнежня прэм’ер-міністар Малдовы Дорын Рэчан, як паведамляе Reuters, даручыў ураду краіны пачаць падрыхтоўку да магчымай нацыяналізацыі газавай кампаніі. Міністру юстыцыі, у прыватнасьці, даручана падрыхтаваць праекты заканадаўчых зьменаў, неабходных для нацыяналізацыі. Паводле Рэчана, у мінулым у Малдовы «былі аднятыя» стратэгічныя аб’екты і зараз яны павінныя вярнуцца ў дзяржаўную ўласнасьць.
Структура ўласнасьці кампаніі «Малдовагаз» з 2013 году застаецца амаль нязьменнай: 50% акцыяў належыць расейскаму «Газпрому», 35,6% — ураду Малдовы, каля 13% — уладам самаабвешчанага Прыднястроўя і невялікая колькасьць акцыяў — мінарытарным акцыянэрам.
Расея пастаўляе ў Малдову каля 2 мільярдаў кубамэтраў газу на год па трубаправодзе праз Украіну. Пагадненьне аб транзыце газу паміж Украінай і Расеяй, аднак, заканчваецца 31 сьнежня, і Кіеў адмовіўся яго падоўжыць.
Як адзначае Малдаўская служба Радыё Радыё Свабода, нават пасьля спыненьня транзыту праз Украіну «Газпром» мае магчымасьць выконваць свае кантрактныя абавязаньні, пастаўляючы газ па Трансбалканскім трубаправодзе. Па гэтым газаправодзе газ можна транспартаваць у Турэччыну, балканскія і цэнтральнаэўрапейскія краіны, абмінаючы Ўкраіну.
«Газпром» аднак заявіў пра намер прыпыніць экспарт газу ў Малдову з раніцы 1 студзеня, спасылаючыся не на спыненьне транзыту, а на запазычанасьць, якую, паводле зьвестак расейскай кампаніі, назапасіў малдоўскі бок. Кішынёў прызнае толькі 8,6 з 709 мільёнаў даляраў запазычанасьці, пра якую гаворыць «Газпром». Улады Малдовы абвінавачваюць Расею ў імкненьні дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, выкарыстоўваючы газавы шантаж. Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду абвінаваціла «Газпром» у правакаваньні энэргетычнага крызісу ў Малдове, заявіўшы, што ён адмаўляецца пастаўляць газ па альтэрнатыўным маршруце.
У сувязі з магчымым спыненьнем паставак газу ў Малдову пад пагрозай апынецца і газазабесьпячэньне самаабвешчанага Прыднястроўя. «Малдовагаз» зараз транспартуе туды расейскі газ, дзе яго выкарыстоўваюць для вытворчасьці таннай электраэнэргіі — яе пастаўляюць на тэрыторыі, якія кантралюе ўрад Малдовы. Гэтая схема цяпер апынулася пад пагрозай.
Улады Прыднястроўя ўжо абвясьцілі пра меры па эканоміі газу, уключаючы прыпыненьне газазабесьпячэньня шэрагу сацыяльных аб’ектаў. Без паставак газу электрастанцыя ў Прыднястроўі можа спыніць працу, што можа прывесьці да шматгадзінных адключэньняў электрычнасьці ня толькі ў самім сэпаратысцкім рэгіёне, але і ва ўсёй Малдове.
Форум