Новым дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіву ў Горадні стаў былы вайсковец Аляксандар Вянсковіч, заўважыла «Наша Ніва».
Новага дырэктара прадставілі калектыву 23 сьнежня, паведамляе сайт «Архівы Беларусі».
Аляксандар Вянсковіч «больш за 26 гадоў адслужыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, зьяўляўся начальнікам кірунку прызыву на вайсковую службу вайсковага камісарыята Горадзенскай вобласьці, а таксама быў узнагароджаны дзьвюма дзяржаўнымі ўзнагародамі „За бездакорную службу“ II і III ступеняў», гаворыцца ў паведамленьні.
Дэпартамэнт па архіўнай справе і справаводзтве Міністэрства юстыцыі, які кіруе ўсёй архіўнай галіной Беларусі, ужо амаль два гады ўзначальвае генэрал-маёр Алег Воінаў, які перад прызначэньнем на гэтую пасаду крыху больш за паўгода кіраваў Нацыянальным гістарычным архівам.
Раней дырэктараў зь ліку былых сілавікоў прызначылі ў Нацыянальны гістарычны архіў, Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі і Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар электроннай дакумэнтацыі:
- У жніўні 2023 году дырэктарам у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі прызначылі былога супрацоўніка КДБ Міхаіла Глушакова. Праз два дні пасьля гэтага прайшлі масавыя затрыманьні сярод супрацоўнікаў архіву. Пазьней стала вядома, што з архіву звольнілі восем чалавек.
- У сакавіку 2024 году дырэктарам Беларускага навукова-дасьледчага цэнтру электроннай дакумэнтацыі прызначылі Дзяніса Шаброва, які раней працаваў начальнікам катэдры апэратыўна-тактычнай падрыхтоўкі ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі.
- У траўні 2024 году дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіву навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі прызначылі Андрэя Куракова, які больш за 10 гадоў узначальваў інжынэрныя войскі Беларусі.
Форум