Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буэнас-Айрэсе школьнік напісаў па-беларуску пра напад на школу са зброяй, але ягоны плян выкрылі

абноўлена

Нататкі аргентынскага школьніка
Нататкі аргентынскага школьніка

12-гадовы падлетак прыходзіў у школу зь пісталетам. У ягоным сьпісе заплянаваных ахвяр былі 14 чалавек.

Пра здарэньне ў сярэдняй школе № 7 у муніцыпалітэце Флярэнсіё Варэла паведаміў аргентынскі тэлеканал C5N, заўважыў Reform. 12-гадовы падлетак 17 сьнежня прынёс у навучальную ўстанову 9-мілімэтровы пісталет. Як мяркуецца, ён планаваў забіць сваіх аднаклясьнікаў: у яго быў сьпіс з 14 імёнаў вучняў і адной настаўніцы. Аднак плян сарваўся, бо адзін з аднаклясьнікаў заўважыў у заплечніку пісталет і паведаміў пра гэта настаўніцы, якая адразу ж перадала інфармацыю кіраўніцтву школы. Падлетка выклікалі да дырэктара, што дазволіла перадухіліць трагедыю.

Гаворачы пра тэкст запіскі, напісанай падлеткам, аргентынскія журналісты зрабілі дзьве недакладнасьці — яны паведамілі, што запіску напісала дзяўчынка і па-расейску. Насамрэч, як вынікае з паказаных матэрыялаў, запіску пісаў хлопец, і рабіў гэта па-беларуску.

«Я павінен паглядзець, бо я ня ведаю, колькі я маю куль…
5 абавязкова, тады я выклічу міліцыю
Нумар: 107 хуткая дапамога, 911 міліцыя
А настаўніцу прыродазнаўства заб’ю.
Яны пашкадуюць, што назвалі мяне дзіўным».

Ніжэй пад гэтым тэкстам — рысунак пісталета і прыпіска: «У мяне 7 куль. Можа, 645».

Запіска школьніка па-беларуску. Буэнас-Айрэс
Запіска школьніка па-беларуску. Буэнас-Айрэс

На другім аркушы — рысунак кулі. Частка запісаў зробленая на ангельскай мове.

Таксама пры ім быў знойдзены сьпіс з 14 імёнаў, якіх падлетак нібыта плянаваў забіць у пэўным парадку.

Высьветлілася, што бацькі школьніка служаць у паліцыі. Беручы пад увагу граматнасьць беларускага тэксту, можна меркаваць, што хлопец ці жыў у Беларусі, ці паходзіць зь сям'і беларускіх эмігрантаў. Варта зьвярнуць увагу таксама на тое, што ён ужывае слова «міліцыя», а не «паліцыя». Якраз у Беларусі такая служба завецца міліцыяй, а ў Аргентыне — паліцыя.

Журналісты атрымалі доступ да перапіскі паміж падлеткам і аднаклясьнікам, дзе той пісаў: «Школьная страляніна. Усё роўна ўсе ўжо ведаюць». На што прыяцель спытаў: «Якая страляніна? Што здарылася?» Падлетак адказаў: «Мне ўсё надакучыла, ніхто мяне ня любіць».

Той прыяцель паспрабаваў супакоіць, напісаўшы: «Многія людзі любяць цябе, і я адзін зь іх. Ты неймаверны чалавек, і табе трэба думаць пра тых, хто цябе шануе». У адказ падлетак прызнаўся ў сваіх намерах: «У мяне быў плян на тры месяцы, да 6 траўня 2025 году. У мяне ёсьць два сапраўдныя пісталеты, якія належаць маёй маме — яна паліцыянтка. Я зьбіраўся ісьці па адным. Але адзін ідыёт усё сапсаваў».

Адна з маці вучняў школы расказала журналістам пра тое, што адбылося, і запатрабавала гарантаваць бясьпеку дзецям. Яна заявіла: «Па словах дырэктара, падлетак з заплечнікам быў пад назіраньнем. Бацькоў выклікалі ў школу, і заплечнік са зброяй быў перададзены ім. Бацькі зьяўляюцца супрацоўнікамі паліцыі. Аднак выклік паліцыі зроблены ня быў».

Вядома, што школьніка, які плянаваў напад зь пісталетам, цкавалі. Але не прыводзяцца падрабязнасьці, хто і як даўно. Таксама вядома, што пасьля гэтага здарэньня падлетак больш у школу не хадзіў.

Стала вядома, што з падлеткам у Буэнас-Айрэсе працуе група псыхолягаў з муніцыпальнага сакратарыяту асьветы, а справу будзе разглядаць суд у справах непаўналетніх, піша аргентынскае выданьне TN. Пры гэтым усе іншыя аргентынскія выданьні, якія спасылаюцца адно на другое, працягваюць пісаць, што гэта дзяўчынка, а ня хлопчык.

Нататкі ў запячатай капэрце даставілі ў судовы штаб. Бліжэйшымі днямі адмыслоўцы іх прааналізуюць.

Выданьне El Tribuno піша, што маці падлетка можа пагражаць крымінальны перасьлед за тое, што пакінула сваю зброю бяз догляду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG