Дзень у гісторыі
1 лістапада 1937 году ў Курапатах НКВД расстраляў 11 біскупаў і сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Паводле гісторыка і пісьменьніка Кастуся Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай царквы выслалі ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня іх загінула.
Год таму ў гэты дзень
- Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на праспэкт Незалежнасьці на марш пратэсту «Дзяды супраць тэрору». Сілавікі прымянілі спэцсродкі і шумавыя гранаты.
- Журналісты зафіксавалі ўдзел афіцыйных прапагандыстаў БТ у правакацыі на Маршы ў Курапаты
- У дзень Усіх сьвятых, беларусы, што жывуць у Літве, ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні.
Таксама ў гэты дзень
1987 — у Купалаўскім сквэры ў Менску прайшло адзначэньне Дзядоў, арганізаванае аб’яднаньнямі «Тутэйшыя» і «Талака», дзе ўпершыню шырока заявілі пра рэпрэсіі ў БССР.
1992 — у Менску адбыўся першы (устаноўчы) сойм Згуртаваньня беларускай шляхты. Быў прыняты статут і выбрана кіраўніцтва арганізацыі. Старшынём ЗБШ стаў доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.
1993 — уступіла ў сілу Маастрыхцкая дамова, якая паклала пачатак Эўрапейскаму Зьвязу.
У гэты дзень нарадзіліся
1868 — Дзьмітры Даўгяла, беларускі археограф і гісторык.
1873 — Іван Замоцін, беларускі літаратуразнавец.
1890 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, антраполяг, археоляг, этнограф, прафэсар, доктар гістарычных навук. Сын «чорнаперадзельцаў» Анатоля і Варвары Бонч-Асмалоўскіх.
1895 — Уладзімер Крыловіч, актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. Заслужаны артыст Беларусі (1931).
1908 — Яўгенія Пфляўмбаўм, паэтка й перакладчыца.
Habent sua fata libeli — і кнігі маюць свой лёс. Лёс адной зь яе нешматлікіх кнігаў спачатку складаўся зусім непамысна.
Неяк увечары паэт Аркадзь Куляшоў добра сядзеў з калегам Максімам Лужаніным у гародчыку на лецішчы ў апошняга. З дому раптам выйшла гаспадыня з цэлым абярэмкам нейкіх папераў і нататнікаў.
— Ты куды? — пацікавіўся Лужанін.
— Да суседзяў, — кіўнула жонка на плот, з-за якога цягнула дымам ад вогнішча.
— А што нясеш?
— А які вам, пісьменьнікам, клопат?
Куляшоў, сьцяміўшы, у чым рэч, ускочыў і, заступіўшы дарогу, адабраў паперы. Гэта былі вершы. Не лужанінскія, а той, якая й асудзіла іх на спаленьне.
— Будзем друкаваць і рабіць кнігу, — пагартаўшы сваю здабычу, сказаў госьць. — Рэдагую я.
Гаспадыня нечакана хутка згадзілася. Праўда, як на бяду, Куляшоў неўзабаве адышоў у лепшы сьвет, і выхад кнігі адклаўся яшчэ на дзесяць гадоў, пакуль за справу ня ўзяўся паэт Анатоль Вярцінскі.
Аўтарку вершаў, якія ў 1989-м выйшлі кнігаю «Сувой жыцьця», звалі Яўгенія Пфляўмбаўм. Яе папярэдняя публікацыя ў калектыўным зборніку датавалася 1926-м.
Дачка беларускі й рабочага-чыгуначніка родам зь Нямеччыны, прозьвішча якога яна захавала і ў замужжы, спадарыня Пфляўмбаўм стала адной з найцікавейшых беларускіх паэтак ХХ стагодзьдзя, якую знаўцы параўноўваюць з славутай амэрыканкай Эмілі Дыкінсан. Відаць, было б неабачліва сьцьвярджаць, што няпросты лёс не спрыяў гэтаму. Мо якраз наадварот: выпрабаваньні й нягоды пераплаўляліся ў радкі высокае пробы?
Мела ты ўсяго нароўні:
Зьдзекаў, скруты, жменьку шчасьця,
Але скрозь жыла варожасьць,
І магла ты зноў упасьці...
Ды ўтрымалася, — на рукі
Падхапілі людзі з сэрцам,
І падслухала я згукі,
Што бываюць перад сьмерцю...
У 1933-м яна, прадаўшы, каб набыць чыгуначны квіток, уласную бібліятэку, паехала ўсьлед за асуджаным на два гады мужам у Марыінск. Жывучы пасьля Сібіры ў Маскве, бо шлях у Беларусь быў закрыты, Яўгенія ў вайну была байцом супрацьпаветранай абароны.
Яе творчы партрэт будзе няпоўным, калі не сказаць, што спадарыня Пфляўмбаўм шмат перакладала: з ангельскай — Байрана і Джэка Лондана, з расейскай — прозу й драматургію Чэхава і Горкага. Калі вам давядзецца чытаць беларускія пераклады гэтых аўтараў, дзе ў якасьці перакладчыка фігуруе Лужанін, ня верце. Шкада, што я не пасьпеў запытацца ў старога, што змушала яго ўсё жыцьцё прысвойваць сабе таленавітыя жончыны пераклады. Дзякуй богу, што хоць ня вершы.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 422-423
1912 — Янка Золак, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзеяч, выдавец на эміграцыі ў ЗША.
1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзяяч у замежжы.
1933 — Вячаслаў Адамчык, пісьменьнік.
Першая кніга, напісаная, як сьцьвярджаюць сыны пісьменьніка, звычайнай школьнай асадкаю з сталёвым пяром, адкрыла мне некалі ня толькі й ня столькі вобраз заходнебеларускае вёскі, аб чым гаварылася ў падручніках.
Яна адкрывала душу народу, наканаваньнем якога сталася быць жывой і пакутнай мяжой паміж Захадам і Ўсходам. Не выпадкова фільм Валерыя Рыбарава «Чужая бацькаўшчына», што выйшаў у 1982 годзе ўсьлед за тураўскімі «Людзьмі на балоце», успрыняўся як абяцаньне сапраўды нацыянальнага кінэматографу. У тым фільме зьняўся юны Зьміцер Бартосік. Пазьней ён будзе ўспамінаць пра той, думаю, неверагодна важны для барда і пісьменьніка жыцьцёвы эпізод: «Я трапіў у іншую краіну. Канчаткова разбуралі звыклую савецкую рэчаіснасьць гукі жывой беларускай мовы, якая тут панавала паўсюль. Беларусь на імгненьне паказала свой сапраўдны твар. І ён быў чароўны».
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.480-481.
У памяці
1888 — Мікалай Перавальскі (Пржавальскі), расейскі географ і вандроўнік беларускага паходжаньня.
1893 — польскі мастак Ян Матэйка.
1971 — савецкі рэжысэр і сцэнарыст Міхаіл Ром.
1972 — амэрыканскі паэт Эзра Паўнд.
1984 — Пётра Сергіевіч, беларускі жывапісец і графік, мастак-манумэнталіст.
Шмат хто з нас ад школьных гадоў уяўляе Каліноўскага менавіта такім, як на хрэстаматыйных палотнах Пётры Сергіевіча, дзе Кастусь гутарыць з паўстанцамі або разам з Валерам Урублеўскім робіць агляд іх шэрагаў.
Равесьнік стагодзьдзя, Пётра вучыўся ў Фэрдынанда Рушчыца ў Вільні, дасканаліў майстэрства ў Кракаве ды Італіі. Талент адкрываў яму шырокія магчымасьці для жыцьця і творчасьці. Сергіевіч абраў найлепшую — Вільню, што тады была неафіцыйнай сталіцаю Заходняй Беларусі.
Само віленскае паветра зрабіла адной зь ягоных галоўных тэмаў гісторыю: «Усяслаў Полацкі», «Скарына ў друкарні», «Арышт Паўлюка Багрыма». У 1920–1930-я Сергіевіч стварае манумэнтальныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смаргоні, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў, Солаў, дзе захавалася фрэска «Цуд над Віслай», прысьвечаная разгрому Чырвонай арміі ў 1920 годзе.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 352–353.