Кавалкі фасаду гістарычнага будынку першай менскай электрастанцыі, пабудаванай 125 год таму і зьнесенай у 2011 годзе, захаваліся, цяпер ляжаць на будаўнічай пляцоўцы і могуць быць адноўленыя як помнік каля месца, на якім стаяў будынак, расказвае Tut.by.
Галоўны фасад будынку і фрагмэнты дэкору прапанавалі аднавіць на набярэжнай Сьвіслачы, пад комплексам, што ў народзе атрымаў назву «некемпінскі».
Праект аднаўленьня прапанавала прадпрыемства «Менскграмадзянпраект», у Менгарвыканкаме папярэдне і з агаворкамі, але ўхвалілі ідэю. Парэкамэндавалі разглядзець магчымасьць паставіць фрагмэнт сьцяны будынку электрастанцыі ня ў плоскасьці падпорнай сьцяны новага бізнэс-комплексу.
Праектавальнікі перакананыя, што «такое рашэньне здымае праблему ўварваньня ў ансамбаль праспэкту Незалежнасьці, арганізоўвае набярэжную, арыентуе гістарычны аб'ект на паркавыя пэрспэктывы і дазваляе разглядаць адноўлены фрагмэнт ня толькі ў структуры генэральнага пляну шматфункцыянальнага комплексу, але і гарадзкога парку».
Бізнэс-цэнтар першапачаткова плянаваўся як высотны гатэль сеткі «Кемпінскі». Дзеля яго будаўніцтва і зьнесьлі гістарычны будынак электрастанцыі, што стаяў там.
Бізнэс-цэнтар дагэтуль не збудавалі: пасьля таго, як у 2015 годзе кампанія Kempinski адмовілася ад будынка, улады сталі шукаць новага ўласьніка. У 2017 годзе ўлады прызналі, што за час прастою будынак прыйшоў у непрыдатнасьць. У 2018-м расейскі «Сбербанк», які ўзяўся дабудаваць комплекс, паведаміў, што будзе рабіць там не гатэль, а офісы. Аляксандар Лукашэнка перанёс завяршэньне будаўніцтва на 2022 год.