Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанца зьнялі зь цягніка ў Беларусі, бо памежнікі падумалі, што ён ня мае рэгістрацыі


Эліят Майкл Сынклер (у акулярах справа зьнізу) разам з групай у Полацку
Эліят Майкл Сынклер (у акулярах справа зьнізу) разам з групай у Полацку

Уначы 8 верасьня ў пункце пропуску на чыгуначнай станцыі Гарынь у Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці памежнікі зьнялі зь цягніка 31-гадовага брытанца Эліята Майкла Сынклера, які накіроўваўся зь Менску ў Львоў. З дакумэнтамі ў яго ўсё было ў парадку.

Памежнікі спачатку абвінавацілі грамадзяніна Вялікай Брытаніі ў парушэньні правілаў знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі — нібыта ў яго не было рэгістрацыі ў Менску.

Праз паўгадзіны высьветлілася, што рэгістрацыя ў брытанца ёсьць, але цягнік пайшоў у Львоў безь яго. Ноч Эліят правёў на вакзале, памежнікі набылі яму квіток на новы цягнік да Львова зь перасадкай ва Ўкраіне.

Эліят Сынклер прыехаў у Беларусь у складзе групы ў рамках дабрачыннага праекту захаваньня габрэйскай культурнай спадчыны. Усе сябры дэлегацыі афіцыйна здымалі жыльлё зь неабходнай рэгістрацыяй. Эліят Сынклер меў таксама бізнэс-візу ад беларускай амбасады ў Лёндане.

У цягніку Менск — Львоў
У цягніку Менск — Львоў

Грамадзянін ЗША, пакідаючы Беларусь, заплаціў 60 даляраў

Пасьля заканчэньня візыту ўсе разьехаліся, аднак у двух удзельнікаў праграмы зьявіліся праблемы на мяжы, сказаў Свабодзе старшыня праўленьня грамадзкай дабрачыннай арганізацыі «Дыялёг» Артур Ліўшыц.

Артур Ліўшыц
Артур Ліўшыц

«У грамадзяніна ЗША ўзьнікла ў аэрапорце пытаньне з рэгістрацыяй, якая ў нас афармляецца ў электронным выглядзе. Ён быў зарэгістраваны ў Менску і ў Полацку. Ён патэлефанаваў мне, бо сярод памежнікаў не было асобаў, якія размаўляюць па-ангельску. Я сказаў памежнікам, што ён быў зарэгістраваны. Але памежнікі адказалі, што ня маюць такой інфармацыі, таму амэрыканца накіравалі плаціць штраф 60 даляраў за парушэньне правілаў знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі. Ён цудам змог трапіць на самалёт. На яго склалі пратакол», — сказаў Артур Ліўшыц.

Пры гэтым трое з групы без праблем перасеклі мяжу зь Літвой, адна брытанка паляцела раней самалётам зь Менску.

«Чалавеку даюць падпісваць дакумэнты на мове, на якой ён не чытае»

Але праблемы праз рэгістрацыю ўзьніклі таксама ў брытанца Эліята Сынклера. Паводле Ліўшыца, ён правёў ноч на вакзале на памежным пераходзе, агулам 10 з паловай гадзін.

Эліёт расказаў Артуру, што ў цягніку ён размазляў з памежнікамі праз пасажыра, які «на ламанай ангельскай» перадаваў яму іхныя словы. Пасьля яго на ноч пакінулі ў залі чаканьня, абяцаючы зранку праверыць ягоную рэгістрацыю. Зранку ён на просьбу памежнікаў падпісаў дакумэнты па-расейску, але ня ведаў, што падпісвае. Эліёт таксама распавядаў, што памежнікі ведалі ўсяго некалькі словаў па-ангельску і яму было цяжка зь імі паразумецца.

Эліят Сынклер
Эліят Сынклер

«Я пытаўся ў памежнікаў, дык куды чалавеку ісьці — ён ня ведае мовы, ня ведае, дзе што купіць. Я папрасіў памежнікаў, каб яго накіравалі ў Менск, зьнялі гатэль і купілі білеты на самалёт у Львоў. Чалавек не разумее, што адбываецца, яму даюць падпісваць дакумэнты на мове,на якой ён не чытае. Яму не даюць афіцыйнага перакладчыка, не тэлефануюць у амбасаду, каб яго пракансультавалі. А ён жа мае дзелавую візу, якую выдала беларуская амбасада ў Вялікай Брытаніі», — кажа Артур Ліўшыц.

Памежнікі патлумачылі, кажа Артур, што не адчуваюць за сабой ніякай віны і зрабілі ўсё правільна.

«Але тады пытаньне, чаму адны грамадзяне пасьпяхова прайшлі памежны пераход у іншым месцы, а рэгістрацыя гэтага грамадзяніна да памежнікаў не дайшла? Значыць, ёсьць праблемы з самой працэдурай электроннай рэгістрацыі», — кажа Артур Ліўшыц.

У консульскім упраўленьні беларускага Міністэрства замежных спраў, паводле Артура Ліўшыца, «таксама дзіўна адрэагавалі».

«Мне не змаглі патлумачыць, дзе арганізацыя, якая прадстаўляе сэрвіс для іншаземцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, тым больш па візе. Мне сказалі, няхай грамадзянін зьвяртаецца ў памежны камітэт у панядзелак. Але як ён можа зьвярнуцца, калі яму трэба ехаць і ён не размаўляе на мове памежнага камітэту? У мяне пытаньні: як мы можам так абыходзіцца з чалавекам і казаць пра тое, што мы хочам разьвіваць турызм, каб сюды больш прыяжджалі?»​

Памежны камітэт: «Ён нават не ўяўляў, што патрабуецца рэгістрацыя»

У пункце пропуску камэнтаваць сытуацыю ня сталі. Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі патлумачыў Свабодзе, што грамадзянін Вялікай Брытаніі падчас памежнага кантролю прад’явіў свой пашпарт, але там адсутнічалі адзнакі аб рэгістрацыі. Электронную рэгістрацыю памежнікі правяраюць «праз свае каналы сувязі». Аднак брытанец нібыта сказаў, што наогул ня ведаў, што яму патрэбна рэгістрацыя.

«Натуральна, у памежнага нараду да яго ўзьніклі пытаньні. Прычым памежны нарад зьвяртаўся да яго на ангельскай мове. Падчас апытаньня ў вагоне было выяўлена, што грамадзянін Вялікай Брытаніі знаходзіцца ў Беларусі ўпершыню і пра неабходнасьць рэгістрацыі па месцы свайго знаходжаньня наогул нічога ня ведае. Ён нават не ўяўляў, што яму патрэбна рэгістрацыя. Таму яго даставілі ў службовае памяшканьне для разбору», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Паводле прадстаўніка Памежнага камітэту, далей зь ім гутарыў на ангельскай мове старшы зьмены і было выяўлена, што Эліят Сынклер мае рэгістрацыю.

«Калі б грамадзянін адразу ў вагоне на сваім месцы сказаў, што мае электронную рэгістрацыю, пытаньне было б вырашана імгненна. Памежнік зьвязаўся б са старшым зьмены, удакладніў бы сытуацыю, і ўсе пытаньні адпалі. Але ж грамадзянін ня ведаў, што патрабуецца такая рэгістрацыя», — сказаў Антон Бычкоўскі.

«Афармленьне ў нас здымаецца на відэакамэры»

Паводле Бычкоўскага, у гэтым выпадку адміністрацыйны працэс не пачынаўся, бо ў брытанца «не было ніякай віны што да парадку знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі». Таксама Антон Бычкоўскі сказаў, што памежнікі валодаюць ангельскай мовай «на дастатковым узроўні».

«Афармленьне ў нас здымаецца на відэакамэры. Ангельская мова была, і, дарэчы, Эліят Сынклер крыху валодаў расейскай мовай. Але канфліктнай сытуацыі не было. Разбор не заўсёды прыемны, але ўсё было паважліва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG