Беларусь займае апошняе месца ў рэйтынгу краінаў «Усходняга партнэрства» па ўзроўні дэмакратыі і эўраінтэграцыі. Гэта вынікае з «Індэксу Ўсходняга партнэрства – 2017», прадстаўленага 26 лютага Форумам грамадзянскай супольнасці «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі, паведамляе DW.
Лідэрамі сярод шасьці краінаў «Усходняга партнэрства» ў дэмакратычных рэформах і эўраінтэграцыі зьяўляюцца Ўкраіна і Грузія.
«На жаль, мы ня можам сказаць, што рэформы прасоўваюцца як сьлед, калі мы гаворым у цэлым аб шасьці краінах «Усходняга партнэрства». Але ёсць падставы для аптымізму і ёсьць шэраг гісторый посьпеху», — адзначыла Анастасія Ісмаілава са сталага прадстаўніцтва Літвы пры Эўразьвязе, дзе былі прэзэнтаваныя вынікі індэксу.
У індэксе, у прыватнасьці, адзначаецца, што найгоршыя паказьнікі ва ўзроўні дэмакратыі маюць Беларусь і Азэрбайджан. У той час як Украіна і Малдова адстаюць у бізнэс-клімаце.
Індэкс ахоплівае два крытэры. Першы — збліжэньне з Эўразьвязам — адлюстроўвае, як кожная з краінаў пераймае нормы Эўразьвязу і міжнародныя стандарты. Лідэрам тут зьяўляецца Украіна (індэкс 0,73). За ёй ідуць Армэнія (0,66), Малдова (0,65), Грузія (0,64), Азэрбайджан (0,56) і Беларусь (0,52). Гэты крытэр дэманструе:
- наколькі ўзровень дэмакратыі ў тых ці іншых краінах адпавядае міжнародным эўрапейскім стандартам;
- як праходзіць укараненьне нормаў Эўразьвязу;
- наколькі краіны дасягаюць мэтаў устойлівага разьвіцьця.
У двух першых паказьніках лідэр Украіна. А вось ва ўстойлівым разьвіцьці на першым месцы Азэрбайджан.
Другі крытэр паказвае, наколькі цесна кожная з краінаў зьвязаная з Эўразьвязам. Гаворка ідзе пра сувязі паміж урадамі, у эканоміцы і сярод людзей. Тут на першым месцы Грузія і Малдова — індэкс 0,71. За імі ідуць Украіна (0,66), Армэнія (0,50), Азэрбайджан (0,47) і Беларусь (0,45).
Праграма «Ўсходняе партнэрства» была запушчаная Эўразьвязам у 2009 годзе для шасьці краінаў Усходняй Эўропы, якія актыўна супрацоўнічаюць з Брусэлем. Форум, які аб’ядноўвае арганізацыі грамадзянскай супольнасьці з краінаў — удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства» і з краінаў – чальцоў Эўразьвязу, выдае такі індэкс штогод, пачынаючы з 2011 году.