Міністэрства юстыцыі Беларусі паўторна адмовіла грамадзкаму аб’яднаньню «Дзея» ў рэгістрацыі.
Пры гэтым сам ліст адмовы, як падлічылі актывісты, зьмяшчае 14 памылак і зьяўляецца прыкладам непрафэсійнага стаўленьня да сваіх абавязкаў. Прадстаўнікі «Дзеі» падалі скаргу ў Вярхоўны суд.
У лісьце «Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня», падпісаным начальніцай упраўленьня ў пытаньнях некамэрцыйных арганізацый А. Кірычэнкай, актывісты налічылі 14 граматычных, артаграфічных ды зьместавых памылак, Міністэрства юстыцыі піша ў гэтым лісьце пра фармальныя парушэньні і памылкі ў пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтаў.
«Калі зважаць на колькасьць памылак і абдруковак у тэксьце ліста ад Мінюсту, яго можна лічыць несапраўдным, — кажа сябра рады „Дзеі“ Алесь Лагвінец. — Таму наша арганізацыя будзе дзейнічаць. Спадзяёмся, у Вярхоўнага суду хопіць здаровага сэнсу і прафэсіяналізму, каб адмяніць рашэньне Мінюсту і зарэгістраваць нашу арганізацыю».
Ведамства прыводзіць аргумэнты, якія не даюць падставаў для рэгістрацыі. У прыватнасьці, не прызнаецца сапраўднай заява, бо яе падпісаў упаўнаважаны ўстаноўчым агульным сходам сябра рады «Дзеі», а не «канцлер», якога рада абрала пасьля ўстаноўчага сходу.
Аднак, як тлумачаць заснавальнікі аб’яднаньня, такая прэтэнзія супярэчыць закону «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях», паводле якога заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі можа падпісвацца як кіраўніком арганізацыі, так і іншай упаўнаважанай на тое асобай. Такія паўнамоцтвы дадзеныя тром сябрам рады.
Другой прэтэнзіяй — адсутнасьць сьпісу асобаў, якія прысутнічалі на ўстаноўчым сходзе. На справе ж такі сьпіс быў пададзены разам з заявай аб рэгістрацыі і пералічаны як адзін з дадаткаў.
«Ня можа пара абдруковак у сьпісе заснавальнікаў быць падставай для нерэгістрацыі. Рашэньне перадузятае, непрапарцыйнае і непрафэсійнае. Тым больш, што Мін’юст сам парушыў тэрміны адказу», — падкрэсьлівае сябра рады «Дзеі» Максім Ціханаў.
Устаноўчы сход «Дзеі» адбыўся 20 траўня 2017 году. На ім было вырашана, што кіраваць аб’яднаньнем будзе калегіяльны орган — рада зь дзевяці чалавек.
21 ліпеня таго ж году Міністэрства юстыцыі пасьля месяцовага разгляду даслала адказ, у якім адмовіла заяўнікам у афіцыйнай рэгістрацыі спаслаліся на тое, што ёсьць «некаторыя недакладнасьці ў дакумэнтах».
Тады «Дзея» зарэгістравалася ў Літве — на афармленьне спатрэбіліся ўсяго тры дні.