Свабода высьветліла, што афіцыйнае сьвята беларускіх аграрыяў мае карані ў савецкай Расеі.
Аляксандар Лукашэнка павіншаваў працаўнікоў сельскай гаспадаркі са стагодзьдзем аграрнай галіны. 15 лютага пра гэта паведаміла ягоная прэсавая служба.
У віншаваньні гаворыцца: «Сто гадоў таму ў гісторыі Беларусі была адкрыта новая вяха, азнаменаваная прыкладам працоўнага подзьвігу народу, самаадданай і плённай працы аграрыяў на карысьць сваёй краіны».
Чаму 15 лютага і чаму сто год?
Сельская гаспадарка, вядома, існавала спрадвек. Здаўна гэтую галіну рэгулявала і дзяржава. Заканадаўства аб сельскай гаспадарцы, дзяржаўныя органы, каб ёю кіраваць, існавалі і ў Расійскай імпэрыі, і ў Вялікім Княстве Літоўскім.
У 1557 годзе кароль і вялікі князь Жыгiмонт ІІ Аўгуст прыняў так званую «Ўставу на валокі». Гэта быў дакумэнт аб новым землеўпарадкаваньні, фактычна аб аграрнай рэформе. За адзінку вымярэньня зямлі і ў той жа час за адзінку падаткаабкладаньня прымалася валока (20 дзесяцін, альбо 21,36 гектара) замест «дыма» (сялянскай гаспадаркі), як раней.
Але беларускія ўлады лічаць найважнейшым у разьвіцьці сельскай гаспадаркі савецкі пэрыяд, які быў адзначаны разбурэньнем прыватнай уласнасьці на зямлю і стварэньнем калгасаў.
Камісарыят земляробства Часовага рабоча-сялянскага ўраду БССР быў утвораны, згодна з архіўнымі зьвесткамі, у студзені 1919 году.
Фактычна беларускія ўлады прымеркавалі сьвяткаваньне да юбілею пастановы Ўсерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту «Аб сацыялістычным землеўпарадкаваньні і аб мерах пераходу да сацыялістычнага землеўпарадкаваньня». Гэты дакумэнт зьявіўся ў Расеі 14 лютага 1919 году.
У дакумэнтальным фільме «100 гадоў Мінсельгасхарчу: ад вытокаў — да будучыні!» адлік гісторыі міністэрства вядзецца ад 4 студзеня 1919 году.
Экспэрт: шукаем тое, чаго няма
Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў працаваў у аграрным комплексе, сказаў Свабодзе, што на тле даволі сьціпла адзначанага стагодзьдзя БССР шырокае сьвяткаваньне аграрнага юбілею выглядае дзіўна.
«Успомнілі ў сярэдзіне лютага пра камісарыят, які ўзьнік на пачатку студзеня. Але справа нават ня ў гэтым. Насамрэч традыцыі аграрнай галіны значна даўнейшыя. А чаму адзначаюць цяпер? У мяне толькі адно меркаваньне: ну вельмі ж улюблёны наш галоўнакамандуючы ў сельскую гаспадарку. Таму і знайшоў нагоду, каб зноў абвясьціць пра гэта ўслых», — кажа Аляксандар Ярашук.
Аляксандар Лукашэнка піша ў віншаваньні, што высока ацэньвае працу аграрыяў.
«Захаваўшы лепшыя традыцыі, абапіраючыся на досьвед і веды старэйшых пакаленьняў, укараняючы перадавыя тэхналёгіі, пры падтрымцы дзяржавы нашы працаўнікі стварылі новую мадэль сучаснай сельскай гаспадаркі... Айчынныя вытворцы нязьменна займаюць годныя пазыцыі ва ўсясьветных рэйтынгах якасьці», — гаворыцца ў віншаваньні кіраўніка дзяржавы.
Аляксандар Ярашук кажа, што гэтыя словы — «пых»:
«Зноўку гаворыцца пра нейкую новую мадэль. Няма яе. Мы ўвесь час шукаем нешта новае. А насамрэч знайшлі тыя ж калгасы. Толькі называюцца яны па-новаму, па-сучаснаму. Дый ня мы калгасы прыдумалі. Яны прыйшлі з савецкай Расеі. Гэта яны адарылі сялян такім „шчасьцем“, што мы дагэтуль ня можам ад яго пазбавіцца».
Экспэрт дадае, што з гэтай ініцыятывы можна было б пасьмяяцца.
«Але сьмех гэты горкі. Бо такія рэчы пацьвярджаюць — улады ня будуць нічога кардынальна мяняць у аграрным сэктары. У іх старая стаўка — на калгасы. А гэта да дабра не давядзе», — перакананы Аляксандар Ярашук.