Беларускі цырульнік і актывіст, колішні «рэкардсмэн па сутках» Павал Вінаградаў расказаў на Facebook, што яму і жонцы Сьвятлане не дазволілі зарэгістраваць сына беларусам па нацыянальнасьці.
Як расказаў Павал Вінаградаў Свабодзе, ён лічыць цяперашнюю сыстэму пазначэньня нацыянальнасьці глупствам, хоць і бачыць пэўную лёгіку.
Што Павал, што Сьвятлана маюць беларускае грамадзянства і нарадзіліся ў Беларусі ад бацькоў-грамадзянаў Беларусі. У іх саміх няма дакумэнтаў пра іхную нацыянальнасьць. У пашпартах Рэспублікі Беларусь нацыянальнасьць не пазначаецца, хоць у пашпартах СССР (і, адпаведна, у жыхароў БССР) пазначалася. У пасьведчаньнях аб нараджэньні ў Беларусі запісваюцца нацыянальнасьці бацькоў.
Але ў Паўла маці і бацька запісаныя ў пасьведчаньні аб нараджэньні як рускія паводле нацыянальнасьці, у Сьвятланы – бацька паляк і маці ўкраінка. Адпаведна, Паўлу прапанавалі пазначыць сваю нацыянальнасьць як рускі, Сьвятлане запісацца полькай ці ўкраінкай.
«Можна зрабіць дзіця беларусам, як мне патлумачылі, калі бабуля ці ў дзядуля запісаныя беларусамі, — кажа Вінаградаў. — У нас жа мардва, рускія, украінцы, палякі…»
Супрацоўніца ЗАГСу падказала ім альтэрнатыўны варыянт: можна не пазначаць ніякую нацыянальнасьць бацькоў дзіцяці, тады будзе запісана «зьвесткі не прадстаўленыя». Адпаведна і сын не набудзе ніякай нацыянальнасьці. На тым Вінаградавы і пагадзіліся.
Павал Вінаградаў пры гэтым адзначыў, што зьдзіўлены таму, што ў ЗАГСе ўсё зрабілі бясплатна і за 20 хвілінаў — кажа, не чакаў такога.
Нацыянальнасьць апцыянальная, але нязьменная
Парадак набыцьця нацыянальнасьці ў Беларусі рэгулюецца Палажэньнем аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакумэнтаў — правілы сапраўды такія, як апісалі Вінаградаву. Пры гэтым там запіс нацыянальнасьці апісваецца не як абавязак, а як права:
«Калі пры рэгістрацыі нараджэньня заяўнікам выказваецца жаданьне пазначыць нацыянальную прыналежнасьць бацькоў».
Гэтае палажэньне ніяк ня згадвае гістарычныя абставіны, калі этнічныя беларусы маглі запісвацца іншымі нацыянальнасьцямі.
Канстытуцыя Беларусі гарантуе толькі права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасьць і забараняе прымус да вызначэньня і ўказаньня нацыянальнай прыналежнасьці.
Ніякай працэдуры зьмены нацыянальнасьці, у тым ліку праз суд, цяпер не прадугледжана, хоць некалі — да скасаваньня ў 2005 годзе інструкцыі 1997 году аб парадку вызначэньня нацыянальнасьці — нацыянальнасьць можна было зьмяніць праз заяву ў органы ўнутраных справаў, але толькі раз у жыцьці, або праз суд.
Пытаньне аб пазначэньні нацыянальнасьці дзяцей і раней падымалася ў Беларусі. Юрысты пры гэтым адзначалі, што тое, што ў беларускіх дакумэнтах называюць нацыянальнасьцю, карэктней было б называць этнічнай прыналежнасьцю, бо ў іншых краінах словам «нацыянальнасьць» часьцей пазначаюць прыналежнасьць да дзяржавы (нацыі), а не этнічнай групы (народнасьці).
У перапісе насельніцтва апытаныя могуць назваць любую нацыянальнасьць, у тым ліку адрозную ад той, што запісана ў пасьведчаньні аб нараджэньні.