Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева атрымала пагрозы ад героя аднаго са сваіх матэрыялаў і мае намер зьвярнуцца да беларускіх праваахоўнікаў.
Яна сьцьвярджае: ёй пагражаў 36-гадовы жыхар Лагойскага раёну Дзяніс Глазкін, які раней расказаў ёй, што ваяваў ва Ўкраіне на баку самаабвешчанай «ДНР» і што быў завэрбаваны, калі вярнуўся на радзіму.
Праз 9 дзён пасьля публікацыі матэрыялу, кажа Кацярына Андрэева, Глазкін патэлефанаваў ёй, нецэнзурна выказваўся, раіў «зьмяняць месца жыхарства», бо ён «не адзін такі, у каго жаданьне скруціць табе галаву».
Абурыўся тым, што гэта быў «Белсат»
Як сказала Свабодзе Кацярына Андрэева, Глазкін не пытаў, якому СМІ дае iнтэрвiю, але ведаў, што размаўляе з журналісткай. Андрэева кажа, што заўжды прадстаўляецца меркаваным баевікам проста «журналісткай зь Менску». Яна лічыць, што «такое мінімальнае прыкрыцьцё адэкватнае ў гэтай сытуацыі».
«Калі пазьней ён пабачыў тэкст на „Белсаце“, то абурыўся гэтаму, назваў рознымі нецэнзурнымі словамі маіх працадаўцаў», — згадвае Андрэева.
Яна дадае, што Глазкін абураўся: ягоныя словы нібыта перадалі некарэктна. Але запэўнівае, што мае аўдыёзапіс размовы, і ў ейным матэрыяле ўсё перададзена максымальна дэталёва. Паводле Андрэевай, Глазкіну таксама не спадабалася, што яго назвалі баевіком, бо ён лічыць сябе «защитником русского мира».
На перасьлед за пагрозы спадзяваньняў амаль няма
Андрэева кажа, што «Белсат» цалкам яе падтрымлівае і абяцае юрыдычную дапамогу. Кіраўніцтва «Белсату» і Андрэева вырашылі, што трэба падаць заяву ў міліцыю і зрабіць справу паказальнай.
«Але не таму, што я ўскладаю вялікія надзеі на тое, што нашыя праваахоўныя органы прыцягнуць да адказнасьці гэтага чалавека, неяк пакараюць, — кажа Андрэева. — Мне гэта ня трэба: я журналіст, гэта не мая задача — караць людзей, наводзіць на іх праваахоўныя органы. Мне будзе цікава паглядзець на рэакцыю міліцыянтаў: ці будуць яны даваць нейкі ход гэтай справе, ці ня будуць нічога рабіць».
Яна дадае, што скептычна ставіцца да беларускай міліцыі і судоў, у тым ліку таму, што яе і яе калегаў зь «Белсату» штрафуюць за працу ў Беларусі для замежнага СМІ без акрэдытацыі. Гэтую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў даваць тэлеканалу адмаўляецца.