13 сьнежня ў Міністэрстве замежных спраў адзначылі 100-годзьдзе з дня народзінаў былога Сталага прадстаўніка БССР пры ААН, намесьніка міністра замежных спраў БССР Паўла Астапенкі, які з усіх беларускіх дыпляматаў зрабіў самую пасьпяховую кар’еру ў міжнародных арганізацыях.
На працягу 10 гадоў (1970–1980) ён займаў трэцюю па значнасьці пасаду ў Міжнароднай арганізацыі працы (спэцыялізаванай установе ААН) — памочніка генэральнага дырэктара.
«Павал Яўменавіч стаў першым ня толькі зь беларусаў, ня толькі з дыпляматаў СССР, але і ўсяго тагачаснага сацыялістычнага лягеру, хто атрымаў такую высокую пасаду ў Міжнароднай арганізацыі працы. А яна была ўтворана яшчэ ў 1919 годзе», — сказаў экс-дыплямат Сяргей Хмяльніцкі, які адзін час працаваў разам з Астапенкам.
Дачка Паўла Астапенкі Натальля перадала ў дар Цэнтру гісторыі МЗС і беларускай дыпляматычнай службы фатаграфіі і кнігі зь сямейнай бібліятэкі і бацькавага архіву. Яна сказала, што бацька вельмі любіў чытаць, асабліва мэмуарную літаратуру.
«Калі будавалі бібліятэку ААН, то ў яе падмурак паклалі капсулу з прозьвішчамі ўсіх Сталых прадстаўнікоў самых розных краін, якія тады працавалі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Бацька гэтым вельмі ганарыўся», — кажа Натальля Астапенка.