Суб’екты гаспадараньня Расеі вінаватыя беларускім прадпрыемствам 450 мільёнаў даляраў за выкананыя работы. Грошы ня выплачаныя па сёньняшні дзень, паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі.
Сярод іншых дарожна-будаўнічае ўпраўленьне № 1 з гораду Рагачова Гомельскай вобласьці судзіцца з адміністрацыяй расейскага Ліпецку. Беларускія будаўнікі ў кастрычніку 2017 году абсыпалі некалькі вуліц гораду асфальтава-бэтоннай крошкай. За гэта павінны былі атрымаць больш за паўмільёна расейскіх рублёў. Паводле дамовы, ліпецкія чыноўнікі мусілі разьлічыцца цягам пяці дзён. З таго часу пайшоў ужо другі год, а грошы да Рагачова не дайшлі.
Прычына ў тым, што за гэта час заказчык правёў рэарганізацыю. Цяпер на рахунку новай арганізацыі няма ні грошай, ні маёмасьці, якую можна прадаць. Таму ўсе спадзяваньні рагачоўскіх будаўнікоў — на міжнародны арбітраж.
МЗС абяцае абараняць экспартэраў і інвэстараў
Усяго ж гаспадаркі Расеі за выкананыя работы і паслугі вінаватыя беларускім прадпрыемствам 450 мільёнаў даляраў. Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Лашын фактычна прызнаў, што яны выбылі з абароту і цяпер за іх судзяцца.
Пакуль удалося спагнаць толькі 5,3 мільёна даляраў з 450.
Гэты факт прагучаў падчас рэгіянальнай канфэрэнцыі аб міжнародным арбітражы ў Менску, якая пачалася 4 сьнежня.
Амаль 150 удзельнікаў з Азэрбайджану, Вялікай Брытаніі, Швэцыі ды шэрагу іншых краін зьехаліся ў Менск на двухдзённую канфэрэнцыю пад эгідай ААН.
Кіраўнік галоўнага дагаворна-прававога ўпраўленьня МЗС Беларусі Андрэй Мяцеліца патлумачыў зацікаўленасьць беларускіх уладаў у такой канфэрэнцыі жаданьнем абараняць экспартэраў беларускай прадукцыі і паслуг за мяжу і павялічваць замежныя інвэстыцыі:
«Наша міністэрства адказвае і за замежны гандаль, і за прыцягненьне інвэстыцыяў. Але міжнародны досьвед паказвае, што прырост інвэстыцыяў нярэдка выклікае і большую колькасьць спрэчак паміж тымі, хто ўкладае грошы і тымі, хто гэтымі інвэстыцыямі карыстаецца. Таму нам карысна будзе даведацца пра ўсе нюансы такіх сытуацыяў. А беларускія дыпляматы, якія працуюць за мяжой, атрымаюць дадатковыя веды, як абараняць інтарэсы экспартэраў беларускай прадукцыі».