Праблема перамяшчэньня грамадзян трэціх краін празь беларуска-расейскую мяжу можа быць вырашана 13 сьнежня, паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
Візавая праблема ў дачыненьнях Расеі і Беларусі
Пасьля сустрэчы з расейскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым Уладзімер Макей сказаў журналістам, што дакумэнт аб узаемным прызнаньні візаў, выдадзеных грамадзянам трэціх краін у Беларусь і Расею, знаходзіцца ў фінальнай стадыі дапрацоўкі. Ня выключана, што ён будзе падпісаны ўжо 13 сьнежня ў Берасьці, дзе ў гэты дзень пройдзе паседжаньне Савету міністраў так званай Саюзнай дзяржавы.
Эканамічныя праблемы
Уладзімер Макей сказаў таксама, што, нягледзячы на тое, што Беларусь і Расея апошнім часам вырашылі шмат спрэчных пытаньняў, у прыватнасьці з энэргетычным балянсам на 2019 год ды іншым, на думку беларускага боку, застаюцца дзьве важныя нявырашаныя праблемы. Першая — гэта кампэнсацыя Беларусі ў сувязі з увядзеньнем у Расеі падатковага манэўру, другая — вялікі дысбалянс у гандлі паміж дзьвюма краінамі.
Паводле Макея, за 9 месяцаў 2018 году наш экспарт у Расею вырас толькі на 0,6%. А вось расейскі экспарт у Беларусь павялічыўся на 22%.
«І тут справа ня толькі ў пастаўках энэрганосьбітаў, — адзначыў Уладзімер Макей. — Пажадана, каб гандлёвы балянс быў больш ураўнаважаны».