Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ ЗАМАРУДЖВАЕ АДМЕНУ НЕЗАКОННАГА ЗАГАДУ АБ СКАСАВАНЬНІ РЭГІСТРАЦЫЙНАГА ПАСЬВЕДЧАНЬНЯ ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ”


Галіна Абакунчык, Менск

Загад на скасаваньне пасьведчаньня аб рэгістрацыі “Дня” Міхаіл Падгайны падпісаў на падставе артыкула 11 Закону аб друку, які абавязвае перарэгістрацыю выданьня, калі яно не выходзіць цягам аднаго году. Аднак абноўлены варыянт газэты выйшаў за некалькі дзён да гэтага тэрміну. І калі выдаўцы засьведчылі гэта, у Міністэрстве прызналі незаконнасьць загаду спадара Падгайнага і нават падрыхтавалі праект рашэньня аб ануляваньні гэтага дакумэнту. Гаворыць кіраўнік управы рэгістрацыі Віктар Гурэцкі:

(Гурэцкі: ) “Быў падрыхтаваны адпаведны загад, у тым ліку на газэту “День”, бо да гэтага часу мы ня мелі сыгнальнага экзэмпляру. А ў гэтай сытуацыі, відаць, будзем адмяняць. Альбо напрыканцы гэтага тыдня, альбо напачатку наступнага. Цяпер рыхтуюцца дакумэнты”.

Аднак выдаўцы “Дня” кажуць, што, паводле іхнай інфармацыі, адпаведнае рашэньне было падрыхтаванае яшчэ 1 жніўня. І ануляваньне загаду пра забарону выхаду газэты ў Міністэрстве адтэрміноўваюць наўмысна. Вось што пра гэта мяркуе рэдактар выданьня Генадзь Барбарыч:

(Барбарыч: ) “Я думаю, што няма моцы ў міністра інфармацыі, каб адмяніць сваё незаконнае рашэньне. Другое — цяпер ідзе “зачыстка” інфармацыйнага поля, і ўлады адмыслова цягнуць тэрмін, каб знайсьці нейкія іншыя прычыны і ня даць газэце “День” выходзіць. А магчыма, іх раззлавала тое, што ўвесь нумар быў цалкам прасьвечаны Быкаву. Хоць яны й казалі па свайму тэлебачаньню, што паважаюць і шануюць вялікага пісьменьніка, але перасьледуюць яго нават і пасьля сьмерці. Вось тры такія прычыны”.

Паводле спадара Барбарыча, калі рэгістрацыйнае пасьведчаньне ня будзе вернутае газэце цягам месяца, то рэдакцыя “Дня” будзе зьвяртацца ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG