Камэнтуючы рэакцыю Бялграду на рашэньне Прышціны абвясьціць незалежнасьць Косава, Handelsblatt піша пра пэўную адрознасьць пазыцыяў прэзыдэнта Барыса Тадзіча і прэм’ера Ваіслава Каштуніцы.
Абодва лідэры не прызнаюць аднабаковага абвяшчэньня незалежнасьці Косава і заяўляюць, што ніколі не пагодзяцца з гэтым рашэньнем. Паводле прэзыдэнта Тадзіча, Сэрбія можа перайсьці на ніжэйшы ўзровень дачыненьняў з тымі краінамі, якія прызнаюць незалежнасьць Косава, хоць спыняць дачыненьні поўнасьцю ня будзе.
У сваю чаргу, прэм’ер Каштуніца выступае за тое, каб цалкам спыніць дыпляматычныя дачыненьні з тымі дзяржавамі, якія падтрымліваюць Прышціну. Паводле ягоных словаў, ЗША нясуць адказнасьць за ўчорашняе гвалтоўнае рашэньне, а іхнія эўрапейскія пасьлядоўнікі будуць упісаныя ў гісторыю Сэрбіі “чорнымі літарамі”.
Сэрбаў, якія жывуць у Косаве, Каштуніца заклікаў заставацца на месцы. Аналягічную заяву зрабіў і ягоны косаўскі апанэнт Хашым Тачы.