Японскіх дыпляматаў не пусьцілі на суд над японцам, якога ў Беларусі вінавацяць у «агентурнай дзейнасьці»

Амбасада Японіі ў Беларусі зьвярталася да ўладаў краіны з запытам дазволіць яе дыпляматам назіраць за судовым паседжаньнем над грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі, але запыт быў адхілены, паведамілі NHK (Японская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя) у амбасадзе.

Працэс над палітзьняволеным грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі пачаўся 10 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Ён праходзіць у закрытым рэжыме.

Наканісі інкрымінавалі арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць»). Працэс вядзе судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калёніі.

Наканісі Масатосі, пераехаў у 2018 годзе, узяў шлюб зь беларускай і і працаваў выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны.

Яго затрымалі ў ліпені 2024 году, але падрабязнасьці яго перасьледу расказалі ў сюжэце БТ толькі ў верасьні. Сьцьвярджалася, што мужчына «ажыцьцяўляў збор і перадачу ў адрас японскай спэцслужбы выведвальнай інфармацыі вайсковага характару».

Японія заявіла Беларусі пратэст у сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі ў адрас свайго грамадзяніна Масатосі Наканісі. Галоўны сакратар кабінэту міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі назваў сюжэт беларускіх прапагандыстаў пра Масатосі «вартай жалю» і заявіў, што японскі ўрад будзе надаваць «усю магчымую падтрымку, каб абараняць нашых суайчыньнікаў».

У сьнежні 2024 году стала вядома пра затрыманьне другога японца, што пацьвердзіла амбасада Японіі. Яго прозьвішча невядомае.

Паводле зьвестак Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 сьнежня на станцыі Калінкавічы-Заходнія машыніст заўважыў чалавека, які здымае дарогу. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі. Пазьней СМІ паведамлялі, што гэта можа быць вандроўны блогер, аўтар блогу «Этэру», які падарожнічаў па сьвеце і расказваў пра мясцовы транспарт і інфраструктуру. У апісаньні пазначана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся закрыты суд над японцам, арыштаваным за «агентурную дзейнасьць» у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паведамленьне пра бізнэс выдалі за шпіёнскую інфармацыю. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых у Беларусі грамадзян краіны