732 выпадкі за апошнія суткі. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 14 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, на 14 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 53 973 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 308 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 30 103 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 732 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 733 788 тэстаў — 19 464 тэсты за дзень.
Кітай абвясьціў пра новую ўспышку COVID-19 у Пэкіне
У Кітаі паведамляецца пра найбольшую штодзённую колькасьць новых выпадкаў каранавірусу за апошнія два месяцы.14 чэрвеня Нацыянальная камісія па ахове здароўя зарэгістравала 57 новых выпадкаў COVID-19, 36 зь якіх былі зьвязаны з успышкай на аптовым рынку прадуктаў харчаваньня ў Пэкіне.
Рынак быў закрыты 13 чэрвеня, а ў 11 суседніх жылых кварталах быў уведзены строгі карантын. Гэта першыя новыя пацьверджаныя выпадкі ў сталіцы Кітаю больш чым за 50 дзён.
Беларусы змогуць наведваць Украіну, але з абавязковым 14-дзённым карантынам
Украіна адмяніла часовую забарону на ўезд у краіну замежнікаў. Цяпер беларусы змогуць наведваць Украіну, але пры выкананьні пэўных умоваў.
Межы для замежнікаў адкрыюць 15 чэрвеня. Для ўезду ва Ўкраіну ім будзе неабходны
- абавязковы страхавы поліс,
- а для тых, хто прыбывае з краінаў з шырокім распаўсюджваньнем каранавірусу (у тым ліку для беларусаў) — абавязковы 14-дзённы карантын у абсэрвацыі.
«Сын да каранавірусу ставіўся легкадумна — пакуль сам не перахварэў», — заслужаны артыст Скарабагатаў пра COVID-19 у сям’і
«Тое, што пачалі прэсаваць апанэнтаў, паказвае на страх улады. Значыць, наверсе адчулі, што гэта рэальная канкурэнцыя». Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў апавядае пра каранавірус ва ўласнай сям’і, выбары на фоне пандэміі, парушаныя творчыя пляны і досьвед экзамэнаў праз Skype. Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.
Краіны Эўразьвязу падпісалі кантракт на пастаўку 400 мільёнаў дозаў вакцыны ад каранавірусу
Брытанска-швэдзкая кампанія AstraZeneca Plc паведаміла 13 чэрвеня, што падпісала кантракт з шэрагам эўрапейскіх урадаў на пастаўку вакцыны ад каранавірусу, які выклікае COVID-19. Сама вакцына пакуль не гатовая – яе распрацоўкай займаецца Оксфардзкі ўнівэрсытэт, а AstraZeneca Plc абяцае паскораную вытворчасьць і пастаўкі ўжо ў канцы 2020 году.
Каля рынку ў Пэкіне ўвялі рэжым ваеннага часу ў сувязі з каранавірусам
Дзясяткі выпадкаў заражэньня каранавірусной інфэкцыяй выявілі непадалёк ад самага буйнога мяснога і гародніннага рынку ў сталіцы Кітаю, Пэкіне. У раёне ўведзены рэжым ваеннага часу.
Колькасьць памерлых перавысіла 300. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 13 чэрвеня
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 13 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала паказваць спад распаўсюду вірусу.
У Віцебску ад каранавірусу памерла 42-гадовая мэдсястра
12 чэрвеня ў Віцебску памерла мэдсястра Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі Натальля Анціпава. У яе быў каранавірус. Пра гэта Tut.by распавяла яе сястра Тацяна. Натальля Анціпава працавала ў хірургічным аддзяленьні.
Сямʼі мэдыка, які памёр ад COVID-19, давялося заплаціць падатак з дапамогі ад прафсаюзу
У сямʼі памерлага ад каранавірусу фэльчара вылічылі падаходны падатак з 5000 рублёў матэрыяльнай дапамогі ад прафсаюзаў. Сказалі, што Падатковы кодэкс ня мае выключэньняў для такіх выплат.
У Браслаўскім раёне ўвялі абавязковы масачны рэжым
Браслаўскі райвыканкам увёў дадатковыя меры прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюджваньня вострых рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, піша «Браслав Online»:
- Людзі павінны абавязкова насіць маскі ў крамах, аптэках, аддзяленьнях банкаў, сувязі, пошты, у транспарце і іншых аб’ектах масавага знаходжаньня людзей. Абслугоўваць наведнікаў бяз масак забаронена.
- У грамадзкіх месцах павінна быць ня менш за 10 м² на чалавека.
- Для касіраў і прадаўцоў рэкамэндуюць усталяваць празрыстыя экраны або выдаць ім ахоўныя шчыткі на твар.
- Для ветраньня і ўборкі памяшканьняў з дэзінфэкцыйнымі сродкамі ўводзяць дадатковыя перапынкі ў працы.
Зяленскага аштрафавалі за парушэньне карантыну
Паліцыя аштрафавала прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага за парушэньне карантыну. У працоўнай паездцы ён з чыноўнікамі і галоўным санітарным лекарам краіны наведаў кавярню без ахоўных масак.
Сусьветная арганізацыя здароўя: у Беларусі па-ранейшаму сур’ёзная сытуацыя з каранавірусам
Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лякальнай перадачы каранавіруснай інфэкцыі, і гэта досыць сур’ёзная сытуацыя, заявіў афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася стомленасьць, яны перастаюць ўсьведамляць усё яшчэ існуючую небясьпеку. Гэта вельмі хвалюючая тэндэнцыя, таму што вірус нікуды не падзеўся, небясьпека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зьніжэньне колькасці новых выпадкаў», — адзначыў ён. Цалкам чытайце тут.
Жонка Зяленскага захварэла на COVID-19 — яна лечыцца амбуляторна і ізаляваная ад сям’і
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што жонка Ўладзіміра Зяленскага Алена знаходзіцца на амбуляторным лячэньні ў сувязі з пацьверджаным COVID-19. У сувязі з гэтым тэставаньне прайшла ўся сям’я — Уладзімір Зяленскі і дзеці. У іх вынікі адмоўныя.
«Першая лэдзі пачувае сябе добра і ня мае ніякіх сымптомаў захворваньня. Цяпер яна знаходзіцца на амбуляторным лячэньні, ізаляваная ад іншых членаў сям’і», — гаворыцца ў паведамленьні. Цалкам чытайце тут.
Украіна аднаўляе міжнародныя авіязносіны пасьля карантыну. Але не зь Беларусьсю
Украіна з 15 чэрвеня аднаўляе міжнародныя авіязносіны з Альбаніяй, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Турэччынай, а з 27 чэрвеня — з Тунісам.
«Сёньня ўрад ухваліў рашэньне адкрыць пункты пропуску ва ўкраінскіх аэрапортах і дазволіць іншаземцам уезд, калі яны не грамадзяне краін з высокай распаўсюджанасьцю COVID-19 і не былі на тэрыторыі такіх дзяржаваў цягам апошніх 14 дзён», — паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій.
Тэрміны аднаўленьня авіярэйсаў зь Беларусі пакуль не абмяркоўваюцца. Падрабязнасьці па спасылцы.
Выявілі 704, выпісалі 1117. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 12 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 52 520 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 298 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 27 760 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 704 выпадкі (апошні раз так мала было 22 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, а выпісалі 1117 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 418 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 24 462;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 697 011 тэстаў — 18 411 за дзень (днём раней былі рэкордныя 19 005 за дзень), рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў — 3,82% (днём раней быў рэкорд 3,95%);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3–6 чэрвеня выпісвалі больш, чым выяўлялі новых хворых. Затым колькасьць «актыўных выпадкаў» працягнула расьці. Рост спыняўся толькі ў дні, калі выпісвалі рэкордную колькасьць пацыентаў.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Ці праўда, што Беларусь – на трэцім месцы ў Эўропе паводле колькасьці новых выяўленых выпадкаў COVID-19?
Паводле міністэрства аховы здароўя Беларусі, пандэмія каранавірусу пайшла на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях. Ці праўда, што Беларусь – на трэцім месцы ў Эўропе паводле колькасьці новых выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі?
У Менску адкрываюць забаўляльную пляцоўку на паветры. Якія там захады супраць каранавірусу?
Жывым выступам папулярнага гурту Akute стартуе летні сэзон на адкрытай пляцоўцы DВОР. Гэта тэрыторыя былой менскай мэблевай фабрыкі (вуліца Кальварыйская, 21).
Як удакладняюць арганізатары, абавязковы дрэс-код для слухачоў — маскі і пальчаткі дзеля бясьпекі ў часе збору.
Арганізатары абяцаюць выконваць захады бясьпекі, а таксама раздаваць наведнікам маскі з пальчаткамі ў харчовай зоне. У кожнай фуд-хатцы будзе антысэптык.
Тэрыторыя DВОРа займае 3,5 тысячы квадратных мэтраў, так што наведнікі ў змозе трымацца на бясьпечнай адлегласьці адзін ад аднаго.
На восень заплянаваны візыт у Беларусь прэзыдэнта Ўкраіны, калі не перашкодзіць каранавірус
Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак у Менску абмеркаваў з сваім беларускім калегам Ігарам Сергеенкам плянаваны візыт Уладзіміра Зяленскага ў Беларусь.
«Суразмоўцы адзначылі добрую дынаміку таваразвароту паміж краінамі і выказалі надзею, што пандэмія каранавірусу не акажа нэгатыўнага ўплыву на двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва», — адзначаецца ў заяве.
Мэр Масквы Сабянін рэкамэндаваў масквічам не хадзіць на парад Перамогі
Мэр Масквы Сяргей Сабянін рэкамэндаваў гараджанам не наведваць афіцыйныя мерапрыемствы 12 чэрвеня ў Дзень Расеі, а таксама заплянаваны на 24 чэрвеня парад, прысьвечаны 75-годзьдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У эфіры тэлеканалу «Расія 24» Сабянін сказаў, што ніякіх масавых мерапрыемстваў на гэтыя дні не плянуецца, бо яны з прычыны эпідэміі каранавірусу пакуль забароненыя. «Так, афіцыйныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і 12-га, і ў дзень параду. Але лепш гэта паглядзець па тэлевізары. Ніякай масоўкі, гледачоў там не павінна быць», — падкрэсьліў мэр.
Раней дзеяньне электронных пропускаў у Маскве працягвалася да 14 чэрвеня. Рашэньне аб датэрміновым зьняцьці абмежаваньняў Сяргей Сабянін прыняў пасьля размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, сьцьвярджалі крыніцы «Медузы». Адна з вэрсій — неабходнасьць забясьпечыць яўку і вынік на галасаваньні пра папраўкі ў Канстытуцыю 1-га ліпеня. Апасеньні, што карантын зьнялі заўчасна, выказваюць палітолягі і лекары.
Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў ЗША перавысіла 2 мільёны
Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША перавысіла два мільёны позна ўвечары 10 чэрвеня. Рэкордная колькасьць пацыентаў назіралася ў Арызоне. Тэхас, Флорыда і Паўночная Караліна, якія ўвайшлі ў лік першых штатаў, якія здымаюць карантын, таксама паведамляюць пра рэкордныя аднадзённыя максымумы.
Паводле ацэнак унівэрсытэту Джона Хопкінса, ад каранавірусу ў ЗША памерла каля 113 000 чалавек, гэта крыху больш за чвэрць ад усіх выпадкаў у сьвеце (416 тысяч).