Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малому бізнэсу далі магчымасьць рызыкнуць — на 60 працэнтаў ад сумы крэдыту


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларускія бізнэсоўцы змогуць страхаваць свае рызыкі праз наваствораны мэханізм Фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва.

Новы мэханізм страхоўкі распаўсюджваецца толькі на малы і сярэдні бізнэс — ад індывідуальнага прадпрымальніка да бізнэсоўца з працоўным калектывам ня болей за 100 чалавек.

Беларускі фонд фінансавай падтрымкі 3 красавіка прадставіў журналістам крэдытна-гарантыйны мэханізм падтрымкі бізнэсоўцаў. Фонд заключыў дамовы з трыма банкамі («Белаграпрамбанк», «Банк ВТБ (Беларусь)» і «Банк Дабрабыт»), якія будуць выдаваць крэдыты для бізнэсоўцаў. Фонд узамен перадае банкам грашовае паручальніцтва на суму 60% велічыні крэдыту. У выпадку, калі зь нейкіх прычынаў праект не атрымаецца, Фонд вяртае банку грошы, прапісаныя ў паручальніцтве. Калі ж праект будзе пасьпяховы, Фонд бярэ зь бізнэсоўца 1,5% ад сумы крэдыту ў якасьці камісійных.

Такія ж правілы пераносяцца і на дамовы лізінгу.

Максымальны памер крэдыту – 120 тысяч беларускіх рублёў, сказаў Павал Горбач, першы намесьнік генэральнага дырэктара Фонду.

Калі новая справа пойдзе пасьпяхова, то Фонд альбо павялічыць суму крэдыту, альбо зьменшыць камісійны працэнт. Экспэртныя разьлікі паказваюць — праз грашовыя паручальніцтвы цягам аднаго году банкі выдадуць крэдыты ў памеры да 20 мільёнаў беларускіх рублёў.

Першыя паручальніцтвы дадуць ужо ў красавіку

Намесьнік старшыні банку «Дабрабыт» Аляксандар Клачко выказаў меркаваньне, што навацыя дазволіць бізнэсоўцам расьці — ад звычайнага прадпрымальніка да прадстаўніка малога і сярэдняга бізнэсу.

Павал Горбач паведаміў, што цяпер Фонд вядзе перамовы яшчэ з двума банкамі, каб падключыць і іх да новай праграмы.

Укараніць такі мэханізм у Беларусі спрабавалі двойчы: спачатку напрыканцы 1990-х, а затым у 2000-х гадах. Тады гэта была ініцыятыва міжнародных арганізацый, камэрцыйных банкаў і іншых структур. Але яе так і не рэалізавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG