Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкую ўключылі ў грамадзкую раду, але забыліся запрасіць на пасяджэньне


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, архіўнае фота

У Палату прадстаўнікоў з ураду паступіў абноўлены варыянт Кодэксу аб зямлі. Аграрная камісія пачала рыхтаваць законапраект для разгляду на веснавой сэсіі.

Зь нецярпеньнем чакала гэтага дакумэнту дэпутатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Летась увосень яна з дапамогай незалежных экспэртаў распрацавала свой варыянт Кодэксу.

Лібэралізацыя зьвялася да зьмяншэньня некаторых ставак

Дэпутатка кажа, што ўважліва вывучыла ўрадавы варыянт і зразумела пазыцыю чыноўнікаў.

«У іх разуменьні ўся лібэралізацыя — гэта толькі невялічкае зьмяншэньне розных ставак. Суцэльная касмэтыка і ня болей за тое. А ў мяне прынцыпова іншы падыход — стаўкі трэба наогул адмяняць. Як адмяняць і плату за карыстаньне некаторай часткай зямлі. Надышоў час істотных лібэральных зьменаў для бізнэсу. Мой законапраект істотна зьмяншае ролю дзяржавы ў зямельных адносінах», — сказала Канапацкая Свабодзе.

Альтэрнатыўны варыянт на сэсію ня вынесуць

Ад імя ўраду законапраект для дэпутатаў рыхтаваў Дзяржаўны камітэт маёмасьці.

«Самае цікавае, што на пачатку 2019 году мяне ўключылі ў склад грамадзкай кансультацыйнай рады пры гэтым Дзяржкамітэце. Уключыць уключылі, а на пасяджэньне рабочай групы, калі абмяркоўвалі зямельны Кодэкс, не запрасілі. Я пасьля пачала разьбірацца — чаму? Прабачце, кажуць, проста забыліся», — распавядае Ганна Канапацкая і кажа, што будзе на сэсіі ўносіць шэраг паправак для законапраекту.

Свой варыянт Кодэксу прапаноўваць калегам яна права ня мае, паколькі Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Беларусі даў на яго адмоўнае заключэньне. У дакумэнце, які атрымала Канапацкая ад экспэртаў цэнтру, сьцьвярджаецца, што яе прапановы «супярэчаць шматлікім указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». А пры адмоўным заключэньні падаваць законапраект на сэсію забараняе дэпутацкі рэглямэнт.

Што прапануе Канапацкая

  • Зьліквідаваць абмежаваньні ў выкарыстаньні зямельных участкаў.
  • Скараціць падставы для іх канфіскацыі.
  • Зьліквідаваць няроўнасьць у правах розных землекарыстальнікаў пры ажыцьцяўленьні гаспадарчай і іншай дзейнасьці.
  • Не дапускаць пазасудовай канфіскацыі зямельнага ўчастку дзяржавай у землекарыстальніка.
  • Дазволіць дзяліць зямельны ўчастак.
  • Зьняць абмежаваньні на прызначэньне зямельнага ўчастку, якім можа валодаць грамадзянін на правах уласнасьці.
  • Скасаваць плату за права заключыць дамову арэнды.
  • Выкарыстоўваць маёмасныя падаткі і арэндную плату толькі на разьвіцьцё адпаведных тэрыторый.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб зямлі» дзейнічае ад 23 ліпеня 2008 году. Апошнія зьмены і дапаўненьні ў яго прынятыя ў чэрвені 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG