Іранскія дзяржаўныя мэдыі праведамілі, што галоўны клерыкальны орган краіны — Рада вартавых канстытуцыі — не дала дазволу былому прэзыдэнту Махмуду Ахмадзінэжаду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць прайсьці ў Іране ў траўні.
Ахмадзінэжад быў прэзыдэнтам з 2005 па 2013 год, і стаў вядомым за мяжой сваёй жорсткай рыторыкай у адносінах да Ізраілю, намаганьнямі, нарасьціць ядзерную праграму Ірану, а таксама тым, што ставіў пад сумнеў маштабы Галякосту.
Махмуд Ахмадзінэжад і Аляксандар Лукашэнка шмат гадоў шчыльна супрацоўнічалі. Лукашэнка быў дэ-факта адзіным з эўрапейскіх лідэраў, хто падтрымліваў стасункі з кіраўніцтвам Ірану на высокім узроўні. Бакі ўсяляк дэманстравалі прыхільнасьць адзін да аднаго, абменьваліся візытамі і сяброўскімі дэклярацыямі.
У 2007 годзе прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад назваў Аляксандра Лукашэнку адным са сваіх найлепшых сяброў. У сваю чаргу, кіраўнік Беларусі заявіў, што Іран «здольны стаць адным з уплывовых цэнтраў сусьветнай супольнасьці».
Рада вартавых канстытуцыі — клерыкальны орган, які сярод іншага ўхваляе кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары ў Іране — абвясьціла, што канчатковы сьпіс кандыдатаў ужо зацьверджаны і будзе афіцыйна абвешчаны ў нядзелю.