Мрожак на ветры пераменаў
Тэатар Беларусі апошняй чвэрці стагодзьдзя таксама зьведаў уплыў ягонай творчасьці. Засваеньне драматургіі Славаміра Мрожка істотна наблізіла беларускую сцэну да эўрапейскага тэатру, разбураючы яе замшэлую эстэтыку, а публіку — да эўрапейскага мысьленьня..
П’есы Славаміра Мрожка прынёс на беларускую сцэну вецер пераменаў. Пры канцы 1980-х гэты вецер кранаў, гойдаў, віхурыў літаральна ўсё: палітыку, грамадзкае жыцьцё, мэдыі, мастацтва.
Тэатар таксама быў галодны на новыя ідэі, формы. Гатовы да іх, бо нават у драматургіі рэалістычнай, псыхалягічнай, вонкава не небясьпечнай для рэжыму ён вылоўліваў падтэксты, пераводзіў іх у мэтафары, ці, як тады казалі, тэатар трымаў «кукіш у кішэні». Гэты «кукіш» нельга было адназначна назваць «варожым», але ён адыходзіў ад гэтак званага сацрэалізму і яго ўжо, як арэхі лёгка, раскусвала публіка.
У другой палове 1980-х гадоў на ветры пераменаў узьнікаў у Беларусі і тэатральны студыйны рух, як меў на мэце зьмяніць традыцыйнае рэалістычнае аблічча беларускай сцэны. Вось тут як найлепей і прыдаўся паляк Славамір Мрожак. І тэматыка, і сюжэтныя калізіі былі больш зразумелымі беларусам ужо хоць бы таму, што дзьве суседнія нацыі жылі доўгі час у адным камуністычным лягеры. Бэкет, Пінтар, Янэска, Жэнэ былі істотна далей.
Мрожак Таліпава
У Беларусі першаадкрывальнікам тэатру парадоксу Мрожка, а празь ягоныя п’есы і ўвогуле тэатру абсурду, які быў пашыраны на Захадзе, стаў рэжысэр-інтэлектуал, сьмелы экспэрымэнтатар Рыд Таліпаў. Ягоная пастаноўка ў 1988 годзе аднаактоўкі Мрожка «Стрыптыз» літаральна ўзарвала тэатральны Менск. У вельмі стыльна аформленыя ў чырвона-чорнай колеравай гаме сутарэньні аднаго з дамоў ля плошчы Перамогі ў Менску інтэлектуальная публіка літаральна ламалася. Спэктакль стаў рэвалюцыяй у пошуках формы, ён даў старт айчыннаму тэатру ў прастору абсурдысцкай, інтэлектуальнай эўрапейскай драмы.
Прыпавесьць пра людзей-марыянэтак, зь якімі вырабляюць, што захочуць, больш моцныя марыянэткі ці звышнатуральныя сілы, востра ўспрыняла менская публіка. Яна ўжо ня толькі адчувала, а і добра разумела, як людзі, жывучы ў вечным страху перад уладай, навязанымі ёй нежыцьцёвымі ідэаламі, губляюць сваё «я».
Мрожак Пінігіна
Пачатак быў пакладзены. Тады ж да сваёй славы рэжысэра-нацыяналіста набліжаўся малады на той час рэжысэр-бунтар Мікалай Пінігін. Я перакананы, што тры ягоныя пастаноўкі Мрожка наблізілі яго і да ягоных трыюмфальных «Тутэйшых». Спачатку былі пранізьлівыя «Эмігранты» ў Тэатры імя Янкі Купалы, а затым і саркастычныя «Стрыптыз» і «Караль» у Гарадзенскім тэатры лялек.
Беларускія рэжысэры Рыд Таліпаў і Мікалай Пінігін пастаноўкамі Мрожка ня толькі вышуквалі ў п’есах сугучны часу крушэньня камунізму зьмест, пераводзячы яго на ўзровень публіцыстыкі, але адкрывалі не ўласьцівую раней беларускаму тэатру эстэтыку абсурдысцкага тэатру, вучыліся мадэляваць наджыцьцёвыя сытуацыі, спалучаць вытанчанасьць з брутальнасьцю, эстэтызаваць зло.
Мрожак Станюты
Пры пастаноўках п’ес Мрожка набывалі зусім новы досьвед і беларускія акторы. Спосаб існаваньня пры ўвасабленьні такой драматургіі мусіў быць прынцыпова іншым. Купалаўцы атрымалі яго ў 1992 годзе ў часе працы над спэктаклем паводле п’есы «Дом на мяжы» з польскім рэжысэрам Анджэем Якімцам. Хто ня бачыў таго спэктаклю, зь цяжкасьцю можа ўявіць вялікую Стафанію Станюту, якая праславілася як псыхалягічная, нацыянальна выразная акторка ў рэалістычным рэпэртуары, у ролі аднамернага пэрсанажу на ўзроўні знаку. Не патрабавалася ніякіх перажываньняў, спачуваньняў, адчуваньняў. Толькі тэатральнасьць, калі ў плястыку, жэст, адну-дзьве інтанацыі трэба было ўкласьці важную думку.
У тым саркастычным, вельмі сьмешным, спэктаклі-прыпавесьці пра чалавека, у прастору прыватнага жыцьця якога нахабна ўрываецца дзяржава, кантралюе яго, маніпулюе ім і зьнішчае яго, бліскуча і нечакана нават і для іх саміх змаглі сыграць і іншыя купалаўцы — Валянцін Белахвосьцік, Уладзімер Кудрэвіч, Уладзімер Кін-Камінскі, Георгі Маляўскі, Віктар Манаеў, Аляксандар Гарцуеў, Тамара Пузіноўская, Зінаіда Зубкова і іншыя. Мне асабліва дарагі той спэктакль, бо нараджаўся на маіх вачох, пры маім удзеле як перакладчыка п’есы. Мову п’есаў Мрожка таксама трэба было вучыцца спасьцігаць — і рэжысэрам, і акторам, і перакладчыкам.
Аналягічнае адбывалася і ў Віцебску, у Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа, дзе была пастаўленая п’еса Мрожка «Танга» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага.
Мрожак сёньня
Запатрабаваны Славамір Мрожак у Беларусі і сёньня. Комплекс праблемаў, якія перажывае чалавек у дзяржаве на падмурку гвалту, у гэтай краіне застаецца актуальным. У экспэрымэнтальным тэатры «Кампанія» рэжысэр Андрэй Саўчанка з маладымі акторамі менскіх тэатраў паставіў п’есу «Эмігранты» ня столькі пра эмігрантаў у наўпроставым разуменьні гэтага слова, але і пра тых беларусаў, якія, нават застаючыся жыць у роднай дзяржаве-дыктатуры, пачуваюць і паводзяць сябе як эмігранты.
П’есы Мрожка ў перакладзе на беларускую мову некалькі разоў друкаваліся ў асобных зборніках. А ў 2008 годзе ў выдавецтве «Радыёла-плюс» выйшла асобная кніга выбраных твораў «Дом на мяжы». Акрамя п’ес у яе ўвайшлі гумарыстычныя апавяданьні з кнігі «Слон» у перакладзе Марыны Шоды.