Марцін Полак: “Нельга быць сьляпымі ды глухімі да Беларусі”

Алена Струвэ, Прага 63-гадовы майстар аўстрыйскай літаратурнай журналістыкі, літаратурны перакладчык Марцін Полак заклікаў сваіх эўрапейскіх калег ды палітыкаў ня быць “сьляпымі ды глухімі” ў дачыненьні да Беларусі.
Заява была зробленая днямі ў Вене падчас адкрыцьця 60-га тыдня кнігі, калі Марціну Полаку ўручалі прэмію “За талерантнасьць у думках і дзеяньнях”. У сваёй прамове на ўрачыстасьцях літаратар распавёў пра сваю апошнюю паездку ў Беларусь і скрытыкаваў грамадзкасьць за тое, што яна вельмі мала цікавіцца праблемамі гэтай эўрапейскай краіны.

З Марцінам Полакам гутарыць Алена Струвэ.

Карэспандэнтка: “Спадар Полак, вашу прамову на адкрыцьці 60-га тыдня ў Вене цытавалі многія аўстрыйскія выданьні. Як адрэагавалі на вашу крытыку вашы калегі-журналісты, прадстаўнікі грамадзтва, якія прысутнічалі на імпрэзе?”

Полак: “Яны адрэагавалі цудоўна. Калі я трымаў сваю прамову, у залі была абсалютная цішыня. Людзі былі кранутыя маім паведамленьнем. Потым многія да мяне падыходзілі і дзякавалі. Яны казалі: “Беларусь –гэта так цікава, а мы так мала ведаем” Да мяне паступіла прапанова, каб я ад наступнага году падрыхтаваў і правёў праграму, прысьвечаную беларускай літаратуры. Трэба неяк пачынаць”.

Карэспандэнтка: “Ваша апошняя паездка ў Беларусь прыпала на час падрыхтоўкі Эўрапейскага маршу ў Менску. Вы крытыкуеце эўрапейскія СМІ за тое, што яны нічога не паведамілі пра гэту падзею. Аднак і аўстрыйскія і іншыя эўрапейскія мэдыі перадалі заяву эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр, іншых дзеячаў адносна гэтай акцыі...”

Полак: “Справа ў тым, што Беларусь ня ёсьць “навіной” для нашых мэдыяў. У лепшым выпадку можна прачытаць такія сухія паведамленьні пра нейкія заявы, санкцыі, датычныя беларускіх чыноўнікаў. Мы зусім ня ведаем іншага – як жывуць у Беларусі людзі, што яны думаюць, што яны чытаюць і пра што яны пішуць. Гэта віна нашых мэдыяў, агульная наша віна. Мы мусім больш ведаць пра краіну, у дачыненьні да якой мы паводзім сябе як глухія ды сьляпыя. Калі браць нямецкамоўныя СМІ, то ў Аўстрыі гэта асабліва кепска. У Нямеччыне ня шмат лепей. Што тычыцца мяне, то я атрымліваю інфармацыю пра Беларусь з польскіх мэдыяў”.

Карэспандэнтка: “Вы вінаваціце ва ўсім калегаў-журналістаў?”

Полак: “Ад інтарэсу нашых журналістаў залежыць шмат. Аднак, калі б гэтым больш цікавіліся палітыкі, то таксама больш цікавіліся б журналісты. У мяне такое ўражаньне, што ў Эўропе дэманстратыўна не глядзяць у бок гэтай краіны, бо Беларусь для эўрапейскай палітыкі – гэта вельмі непрыемная тэма, тая гісторыя, якую лепш ня бачыць. Нашы дзеячы кажуць: “Лукашэнка – гэта так непрыемна, гэта дыктатура, рэзэрвацыя, сталінізм пад адкрытым небам і гэтак далей... Такога мы ня хочам для Эўропы, і лепш гэтага ўвогуле ня бачыць”.

Нашы ўяўленьні пра гэту краіну вельмі абмежаваныя. І для мяне застаецца татальна незразумелым, чаму гэтая цудоўная краіна зь яе цудоўнай прыродай, літаратурай не прадстаўленая на паліцах кніжных крамаў Нямеччыны, Эўропы, Швэйцарыі. Вы ня знойдзеце тут беларускіх кніжак”.

Карэспандэнтка: “Але ж вы самі спрабавалі, як вы распавялі ў сваёй прамове на венскіх урачыстасьцях, знайсьці беларускія кнігі ў беларускіх кнігарнях, і гэта, паводле вашых словаў, было амаль безвынікова”.

Полак: “Сапраўды, я быў шакаваны, калі ў вялікіх кніжных крамах Менску, Гомеля і Віцебску я безвынікова шукаў творы беларускай літаратуры. Там былі выключна расейскія і расейскамоўныя кнігі і толькі ў маленькіх куточках я знайшоў такія маленькія палічкі зь беларускай літаратурай. Я пытаўся ў прадаўцоў пра аўтараў, якіх ведаю пэрсанальна. Пра Вальжыну Морт, Альгерда Бахарэвіча, Андрэя Хадановіча, Артура Клінава, Уладзімера Арлова, пра той жа пераклад на беларускую мову “Уліса”, які зрабіў Ян Максімюк. У мяне стварылася ўражаньне, што я пытаюся пра нешта непрыстойнае. Кніг названых аўтараў вы ня ўбачыце ў беларускіх крамах.

Але мне пашчасьціла чытаць іх у перакладзе, галоўным чынам на польскую мову. Я праводзіў вечарыны з гэтымі аўтарамі ў Ляйпцыгу і Бэрліне. У размове зь імі я спрабаваў зразумець іх беларускую мову. Дарэчы, гэта вельмі прыгожая мова і гучыць зусім інакш, чым расейская. Асабіста я вельмі шкадую, што не магу перакладаць зь беларускай мовы. Наша праблема ў тым, што мы маем вельмі мала перакладчыкаў зь беларускай, людзей, якія б маглі зрабіць кампэтэнтныя пераклады зь беларускай мовы”.

Карэспандэнтка: “Наколькі вырашальнае гэтае пытаньне?”

Полак: “Вядома ж, вырашальнае. Мы жывем у багатых краінах. Гэта не праблема – праводзіць праграмы па адукацыі перакладчыкаў, запрашаць гэтых людзей да нас і ствараць такую сетку кантактаў. Мы можам прымаць у нас беларусаў, дасылаць у Беларусь уласных маладых славістаў. Некалькі год таму з украінцамі існавала падобная праблема. Цяпер сытуацыя значна палепшылася. Гэта пытаньне некалькіх гадоў. Аднак гэты інтарэс трэба пабудзіць”.