У Злучаных Штатах спэцпракурор Джэк Сьміт, які вёў расьсьледаваньні супраць абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па двух фэдэральных крымінальных справах, сышоў у адстаўку, паведамляе Reuters.
Публічна ён пра гэта не аб’яўляў, паведамленьне аб адстаўцы зьмяшчаецца ў пададзеных у суботу ў суд дакумэнтах, у якіх Сьміт просіць зьняць забарону на апублікаваньне падрыхтаванай ім справаздачы аб расьсьледаваньнях.
Справы супраць Трампа распачалі пасьля таго, як ён пакінуў пасаду прэзыдэнта ў 2021 годзе. Адна зь іх датычылася парушэньняў, дапушчаных, на думку сьледзтва, пры захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў. Другая — меркаванага саўдзелу Трампа ў масавых беспарадках у студзені 2021 году, калі яго прыхільнікі ўварваліся ў будынак Капітолію, спрабуючы сарваць зацьвярджэньне Кангрэсам вынікаў выбараў прэзыдэнта.
Трампу былі прадʼяўлены абвінавачаньні, аднак працэсы па крымінальных справах так і не пачаліся. Спачатку яны былі адкладзеныя праз рашэньне Вярхоўнага суду, які пастанавіў, што прэзыдэнт не павінен падлягаць крымінальнаму перасьледу за любыя дзеяньні пры выкананьні абавязкаў. Сьміт настойваў на тым, што Трамп у падзеях 6 студзеня 2021 году ў Капітоліі дзейнічаў як прыватная асоба, і быў гатовы перафармуляваць абвінавачаньне і давесьці справу да суду, аднак пасьля перамогі Трампа на выбарах 5 лістапада адмовіўся ад гэтага.
Сьміт сам зьвярнуўся ў суды, адклікаўшы абвінаваўчыя заключэньні, пры гэтым падкрэсьліўшы, што па сутнасьці па-ранейшаму лічыць абвінавачаньні абгрунтаванымі, аднак перасьлед дзейнага прэзыдэнта ня будзе магчымым.
Сам Трамп называў абвінавачаньні палітычным перасьледам і адмаўляў віну.
Трамп быў асуджаны ў штаце Нью-Ёрк па іншай крымінальнай справе, якая не была ў кампэтэнцыі Сьміта — аб незаконных выплатах з выбарчага штабу. Суд вызваліў яго ад пакараньня, аднак Трамп стане першым прэзыдэнтам ЗША, які ўступіў на пасаду, быўшы прызнаным вінаватым і асуджаным па крымінальнай справе.
Адстаўка спэцпракурора Сьміта, які быў адным з пракурораў Гааскага міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі, чакалася. Сам Трамп заяўляў, што звольніць яго зь Міністэрства юстыцыі адразу пасьля ўступленьня на пасаду 20 студзеня.
Пакуль невядома, ці апублікуе Міністэрства юстыцыі да 20 студзеня падрыхтаваную Смітам справаздачу аб расьсьледаваньні крымінальных спраў у дачыненьні да Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд вызваліў Трампа ад пакараньня па справе аб «грашах за маўчаньне»