У Чорным моры фіксуюць усё новыя асяродкі забруджаньня мазутаю з расейскіх танкераў, якія пацярпелі крушэньне ў Керчанскай пратоцы ў сьнежні 2024 году. Плыні разносяць таксычнае паліва ўздоўж усяго Крымскага паўвостраву. Яго вынесла на тэрыторыю многіх крымскіх запаведнікаў, высьветлілі «Крым.Реалии».
Так, забруджаньні знайшлі на беразе Апуцкага прыроднага запаведніку, вядомага як месца гнездаваньня чырвонакніжных птушак і росту ўнікальнай крымскай расьліннасьці. На тэрыторыі запаведніку сабраныя больш за два дзясяткі прыродных аб’ектаў, якія вымагаюць аховы, абароны і вывучэньня.
Мазуту выявілі ў бухце Капсель пад Судаком, якая ўваходзіць у ахоўную зону помніку прыроды «Мыс Меганом». Гэта адно зь нямногіх месцаў у Крыме, не закранутае цывілізацыяй, якое насяляюць рэдкія жывёлы і расьліны.
На ўзьбярэжжы бухты добраахвотнікі прыбіраюць забруджаныя мазутаю пясок і багавіньне, а таксама ратуюць запэцканых птушак, піша мясцовы паблік «Гаворыць Судак». Людзі скардзяцца на брак поўнай інфармацыі ад уладаў.
Прадпрымальнік і блогер з Масквы, які жыве ў Крыме, Аляксандар Сяргееў выпацкаўся ў мазуце, шпацыруючы па «Ціхай бухце» пад Кактэбелем. Гэты ляндшафтна-рэкрэацыйны парк ва ўсходнім Крыме лічыцца адным з самых прыгожых і чыстых месцаў паўвостраву.
«Каля ўваходу ў бухту зьявіліся велізарныя аладкі і потым гэта ўсё пайшло суцэльна. Ідзецца, хутчэй за ўсё, не пра грамы, кіляграмы, а пра сотні кіляграмаў мазуты, ужо выкінутыя на бераг асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі „Ціхая бухта“», — напісаў Аляксандар Сяргееў (Горны) у сваім блогу.
Мазутавыя забруджаньні выявілі на шматлікіх іншых запаведных тэрыторыях Крымскага паўвостраву, уключаючы Блакітную бухту і мыс Херсанэс, а таксама запаведную касу Беляус у Чарнаморскім раёне, якую завуць «крымскімі Мальдывамі» за першародную прыроду і белы пясок на ўзьбярэжжы. Паведамленьні пра гэта крымчане публікуюць у сацыяльных сетках.
На афіцыйных рэсурсах расейскай улады Крыму інфармацыі пра выпадкі забруджаньня вельмі мала ці няма ўвогуле. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што ўлады замоўчваюць сытуацыю.
Паводле эколягаў, на пераадоленьне наступстваў разьліву спатрэбіцца каля дзесяці гадоў. Менш чым за месяц ад мазуты загінулі каля 60 дэльфінаў і сотні птушак (паводле некаторых ацэнак, ідзецца ўжо пра дзясяткі тысяч ахвяраў).
У Чарнаморскім раёне анэксаванага Крыму ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі муніцыпальнага характару з прычыны выяўленай мазуты, паведаміў 11 студзеня кіраўнік муніцыпалітэту Аляксандар Дудзінаў.
Паводле розных зьвестак, з патанулых танкераў вылілася да чатырох тысяч тон мазуты — частка асела на дно. Фактычны аб’ём выцеку можа быць вышэйшым, пісала Расейская служба ВВС з спасылкай на Greenpeace. Агулам танкеры перавозілі больш за дзевяць тысяч тон нафтапрадуктаў.
Прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў сьцьвярджае, што ў рэгіёне «не фіксаваўся выкід значных аб’ёмаў мазуты». Паводле яго, з моманту крушэньня расейскіх танкераў у Керчанскай пратоцы выявілі і зьліквідавалі 44 факты забруджаньня тэрыторыящ Крыму, вывезьлі 265 тон забруджанага грунту і ачысьцілі 84 кілямэтры ўзьбярэжжа.
Паводле зьвестак МНС Расеі, з моманту аварыі ратавальнікі і валянтэры сабралі і вывезьлі амаль 140 тысяч тон забруджанага пяску з пляжаў Краснадарскага краю, больш за 270 тон — з крымскага ўзьбярэжжа і 141 тону — зь Севастопалю. У акваторыі Керчанскай пратокі сабралі яшчэ 25 тон нафтазмяшчальнай вадкасьці.
- Мазута вылілася ў мора ў выніку крушэньня двух танкераў «Волгонефть» у Керчанскай пратоцы 15 сьнежня — паводле асноўнай вэрсіі, з прычыны шторму. Па факце аварыяў завялі крымінальныя справы, увялі рэжым надзвычайнай сытуацыі (НС) фэдэральнага ўзроўню. У Краснадарскім краі, Крыме і Севастопалі таксама ўстаноўленыя рэжымы НС рэгіянальнага ўзроўню.